Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я, якая адмаўляецца ад пашпартоў, школы, войска і дзяржавы. ВІДЭА


Сям’я Гуляшовых з Магілёўшчыны адмаўляецца ад грамадзянства любой краіны і спрабуе жыць без атрыбутаў цывілізацыі, паклаўшы «ў аснову закон Божы». Пры гэтым сваю рэлігію яны ня зьвязваюць ні зь якой канфэсіяй. Яны ня сталі падаўжаць свае пашпарты і адмаўляюцца ад школы, войска ды іншых дзяржаўных інстытуцый.

Андрэй Гуляшоў расказвае, што раней яны мелі большую гаспадарку: амаль 100 галоў авечак, звыш 50 курэй, а таксама гадавалі кароў і быка. Сваю прадукцыю яны прадавалі, у тым ліку і дзяржаўным перапрацоўчым прадпрыемствам. Дапамагалі прадуктамі дзіцячаму дому.

Аднак пасьля ў іх здарылася некалькі канфліктаў зь дзяржаўнымі структурамі. Падатковая інспэкцыя зацікавілася аўтамабілем, які Андрэй набыў для ўласных патрэб за 30 тысяч даляраў. Дэклярацыю Гуляшовы складаць адмовіліся, таму ім выпісалі штраф, які, на погляд сям’і, супярэчыць заканадаўству, паводле якога ўладальнікі асабістых прысядзібных гаспадарак ня мусяць плаціць падаткаў.

Андрэй і Ларыса Гуляшовы
Андрэй і Ларыса Гуляшовы

Дачку паставілі на ўлік у школе, бо яна не наведвала яе па суботах, прызначаных для факультатываў. Пасьля 8-й клясы дзяўчынка ўвогуле перастала хадзіць у школу. Іхны сын цяпер адмаўляецца ісьці ў войска: не забірае позвы і кажа, што будзе галадаць, калі яго забяруць у войска пад прымусам ці адправяць у турму за парушэньне закону.

Пасьля канфліктаў зь дзяржаўнымі ўстановамі Гуляшовы прадалі машыну і значную частку свойскай жывёлы. Пакінулі сабе тое, што неабходна ім для існаваньня безь дзяржавы. Цяпер яны спрабуюць наладзіць жыцьцё, каб «яно не перашкаджала нікому» і адпавядала іхным рэлігійным перакананьням.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG