Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе лепш маладым: у Польшчы — вызваленьне ад падаткаў, у Беларусі — разьмеркаваньне


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вызваленьне ад падаткаў для моладзі ва ўзросьце да 26 гадоў, 50% зьніжкі на праезд у грамадзкім транспарце (для школьнікаў, студэнтаў, дактарантаў) — гэта далёка ня поўны сьпіс ільготаў, якія ў Польшчы мае моладзь. А якія ільготы мае моладзь у Беларусі?

Хочаш ільготаў — бярыся шлюбам

У Беларусі існуе дзяржаўная праграма «Маладая сям’я». Калі мужу ці жонцы ня споўнілася 31 году, такая сям’я можа стаць на чаргу па льготнае жыльлё (будаўніцтва жыльля зь дзяржпадтрымкай), але толькі калі мае двух дзяцей да 18 гадоў.

На жыльлё такая сям’я зможа разьлічваць, калі ніводзін з чальцоў сям’і ня мае сваёй нерухомасьці. Таксама маладая сям’я можа разьлічваць на дзяржаўную субсыдыю пры набыцьці жыльля. Яе памер залежыць ад даходаў абаіх чальцоў сям’і.

Бясплатная адукацыя

У Беларусі любы можа навучацца за кошт бюджэту, то бок бясплатна, калі пройдзе конкурс і паступіць на бюджэт. Гэта тычыцца ВНУ, вучэльняў, каледжаў і прафэсійных ліцэяў. Але па заканчэньні тады трэба будзе адпрацаваць па спэцыяльнасьці два гады.

У Польшчы ўся вышэйшая адукацыя ў дзяржаўных ВНУ для палякаў бясплатная. Разьмеркаваньня няма.

Выплаты для маладых спэцыялістаў

Кожны выпускнік ВНУ ці вучэльні, які не плаціў за вучобу і вучыўся за кошт бюджэту, мусіць адпрацаваць 2 гады па разьмеркаваньні. Такі чалавек лічыцца маладым спэцыялістам і мае пэўныя льготы.

Такі малады спэцыяліст мае права на:

  • Аднаразовую дапамогу ад працадаўцы, якая залежыць ад ягонай апошняй стыпэндыі і блізкая да яе. Калі стыпэндыі ня меў, то атрымлівае дапамогу, роўную сацыяльнай стыпэндыі.
  • Месяц адпачынку пасьля заканчэньня ВНУ (для пэдагогаў — 45 дзён).
  • Кампэнсацыю за пераезд (калі чалавек разьмеркаваны ня ў свой горад). Кампэнсацыя ўключае квіток для самога работніка, ягонай сям’і, а таксама перавоз рэчаў. Наймальнік мусіць пакрыць усе гэтыя выдаткі.
  • Таксама працадаўца можа (але не абавязаны па законе) даць маладому спэцыялісту жыльлё ці кампэнсаваць траты на арэнду.
  • Нейкія дадатковыя льготы для маладога спэцыяліста могуць вызначаць мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Крэдыт для маладых спэцыялістаў

Таксама малады спэцыяліст можа атрымаць ад дзяржаўнага банку льготны крэдыт (пад 6%). Маладому спэцыялісту могуць даць пад асабістыя патрэбы да 3360 рублёў.


Больш дзяцей — больш ільготаў

У Беларусі існуе 11 адрасных дапамог, зьвязаных з нараджэньнем дзіцяці. Напрыклад, дапамога на першае дзіця — 35% ад сярэднямесячнага заробку па краіне, на другое і наступных — 40%. Але ўсе гэтыя адрасныя дапамогі не зьвязаныя з узростам.

Узроставых ільготаў няма

Нейкіх канкрэтных ільготаў, зьвязаных толькі з узростам, у Беларусі не знаходзім. Усё завязана ці то на сацыяльны статус, ці то на сям’ю (колькасьць дзяцей). Студэнты ў Беларусі мелі, але цяпер ня маюць зьніжкі на праезд. У грамадзкім транспарце бясплатна езьдзяць толькі школьнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG