Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбіраўся ў ЗША, хацеў зьняць кіно»: Як жыў і пра што марыў беларускі блогер, які загінуў у Санкт-Пецярбургу


Відэа-блогер Павал, Youtube-канал Road to the film
Відэа-блогер Павал, Youtube-канал Road to the film

У яго была срэбная кнопка youtube, сям’я ў Оршы і мара зьняць фільм. «Для Беларусі я дармаед», — казаў пра сябе Павал Road to Film. Сёньня зь ім разьвітваюцца ў родным горадзе.

Блогер з Воршы Павал Ш. трагічна загінуў 27 ліпеня ўначы. Ён спусьціўся ў каналізацыйны калектар на глыбіню 5 мэтраў, каб зьняць чарговы ролік, але вярнуцца назад ня здолеў. Сябар Паўла апавядае, якім чалавекам быў аршанскі блогер.

«Нецікавых людзей не бывае», — успамінае дэвіз Паўла ягоны сябра, дыгер з Масквы Данііл. Ён цяпер займаецца дапамогай сям’і блогера, відэа якога глядзелі амаль 5 мільёнаў чалавек.

«Кожны чалавек мае сваю ўнікальную гісторыю»

Паўлу было 40 гадоў, ён жыў у Воршы, дзе ў яго засталіся жонка і дачка. Блогерам Павал стаў у 38 гадоў, каб «у 60 не шкадаваць, што ня ўзяў камэру і не пачаў здымаць». Ніякіх прафэсійных ведаў у мантажы і апэратарскай працы Павал ня меў. Сьпярша здымаў на тэлефон, пасьля набыў экшн-камэру. Раней у інтэрвію Павал казаў, што для беларускіх уладаў ён дармаед. Сябры кажуць, што апошні час ён жыў тым, што зарабляў з праглядаў відэа.

На ягоны канал «Дарога да фільма» (Road to film) падпісана больш за 500 тысяч чалавек. Здымаць ён пачаў некалькі гадоў таму, езьдзіў у непраходныя месцы, знаёміўся зь цікавымі людзьмі, спускаўся пад зямлю.

«Павал казаў, што калі да любога чалавека на вуліцы падысьці, то зь ім можна цікава паразмаўляць; калі яго разгаварыць, чалавек паведаміць унікальную гісторыю свайго жыцьця. Мы вельмі шчыльна кантактавалі апошнія паўгода, я дапамагаў яму здымаць ролікі пра падземную Маскву. Ён марыў зьняць фільм, але ня меў прафэсійнай адукацыі. Таму ён пачаў здымаць для youtube. Адзін наш сумесны ролік набраў 4,5 мільёна праглядаў. Грошай ён не ўкладаў», — расказвае Данііл.

Палез пад зямлю разам з самым спрактыкаваным правадніком

«Ён зьбіраўся ехаць у ЗША, у яго было запрашэньне ад сваіх гледачоў адтуль. Разам мы зьбіраліся паехаць у Эўропу і зьняць там цэлую сэрыю пра лёхі», — гаворыць Данііл пра пляны Паўла.

27 ліпеня Павал разам зь іншым дыгерам з Санкт-Пецярбургу вырашылі спусьціцца ў калектар, каб зьняць ролік. Кампаньён Паўла ня раз спускаўся ў гэтае месца.

«Ён знайшоў самага спрактыкаванага дыгера зь Пецярбургу, Аляксея. Ён павёў Пашу ў цікавую, але вельмі знаёмую сыстэму. Аляксей туды спускаўся шмат разоў. Магчыма, там была плюсавая тэмпэратура і нешта парушылася», — кажа Данііл. Аляксей загінуў у калектары разам з Паўлам.

Здымаў пра Беларусь, часта пераходзіў на беларускую мову

Павал езьдзіў на Алтай, падымаўся ў горы, спускаўся пад зямлю ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, езьдзіў адзін у Дагестан і Чачэнію, здымаў пра Кіеў, Грузію. Напрыклад, у Грузіі ён зьняў сюжэт пра рыбаловаў, разам зь імі вудзіў і пасьля гутарыў пра іхны лад жыцьця.

У яго ёсьць ролікі пра Менск і Хатынь. У адным з самых раньніх Павал расказвае пра цікавінкі менскай гісторыі, пачатак роліка цалкам па-беларуску. Таксама ў іншых, замежных, роліках Павал час ад часу згадваў беларускую мову ці пачынаў на ёй размаўляць.

Цяпер сям’я Паўла займаецца перапраўкай цела ў Беларусь. Разьвітаньне пройдзе 30 ліпеня ў Воршы. Ягоныя прыхільнікі і гледачы пішуць у канале словы спачуваньня, людзі зьбіраюцца арганізавацца і зрабіць з шматлікіх відэа, якія здымаў Павал, адзін фільм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG