Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Віцебшчыны пракурор просіць расстраляць за забойства дзьвюх пэнсіянерак


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

29 ліпеня ў Віцебскім абласным судзе скончыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава, абвінавачанага ў забойстве дзьвюх пэнсіянэрак у вёсцы Прысушына, перадае рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская вясна».

Пракурор папрасіў прымяніць у дачыненьні да яго выключную меру пакараньня — расстрэл.

Пракурор Віталь Сузанскі зьвярнуў увагу, што забойства было ўчыненае асобай, якая ўжо раней учыняла забойства, і гэта ёсьць абцяжваючым фактарам. Папярэдняе сьледзтва інкрымінавала Паўлаву яшчэ і разбой, але пракурор абверг матыў забойства і прапанаваў перакваліфікаваць дзеяньні абвінавачанага на артыкул за крадзеж.

Абвінаваўца палічыў віну Паўлава даказанай. Дзеяньні Паўлава былі кваліфікаваныя пракурорам як «асабліва небясьпечны рэцыдыў злачынства».

Адвакатка Паўлава пераконвала судовую калегію, што забойства адбылося ў выніку спрэчкі і было справакаванае адной з жанчын, якая нібыта абражала абвінавачанага, бо мела прэтэнзіі да якасьці пабудаванага ім хлява. На думку абаронцы, мэты забіваць жанчын абвінавачаны ня меў — проста прыйшоў купіць віна, якім гандлявалі жанчыны.

У апошнім слове абвінавачаны выказаў шкадаваньне і раскаяньне за ўчыненае, таксама папрасіў суд не прымяняць да яго найвышэйшую меру.

Прысуд па справе будзе абвешчаны 30 ліпеня.

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG