Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ура, постапакаліпсіс! Чаму катастрофа стала ўлюбёным жанрам сучбелліту?


«Хавайся ў бульбу!» — кажуць беларусы перад тварам блізкай небясьпекі. А што рабіць, калі бульба і ёсьць — галоўная небясьпека?.. На жудаснай драме, перад якой дылема Гамлета — бледны прывід, будуецца кніга Севярына Квяткоўскага «Каларадзкая пушча».

Ну, ці амаль на ёй…

Катастрофа зьнішчыла галоўнага нашага ворага

«Сатыра, постапакаліпсіс, фэнтэзі — тры словы, якія характарызуюць раман „Каларадзкая пушча“» — паведамляе анатацыя. Фармальна так і ёсьць. Чытача закідваюць у будучыню — 30 гадоў пасьля катастрофы. А катастрофа ўпала зь неба і зьнішчыла галоўнага нашага ворага (і гэта не каларадзкі жук). Пры гэтым паўсюдна падняўся ўзровень вады, так што Менскае ўзвышша ператварылася ў архіпэляг, акружаны россыпам астравоў. Трэба сказаць, Квяткоўскі сумленна падышоў да тэхнічнага боку справы. То бок Зямля ў яго проста так ня спыніцца, і таямнічыя каўбоі не палезуць з-пад вечка раяля ў кустах…

Севярын Квяткоўскі, «Каларадзкая пушча», Логвінаў 2019
Севярын Квяткоўскі, «Каларадзкая пушча», Логвінаў 2019

Постапакаліпсіс — ёсьць. Фэнтэзі — таксама ёсьць: шаблязубыя зайцы-плывунцы, сьвінавасьміногі, кустарнікі на ножках, няўлоўны вораг у чорным трыко… Сьвет поўніцца дзівамі, і кожнае дзіва ведае віры свая, то бок, мацуецца да тэксту трывалай шрубінай лёгікі.

Але як на мяне, «Каларадзкую пушчу» характарызуюць іншыя тры словы: сатыра, сатыра, яшчэ раз сатыра. І крыху паліталёгіі. Уласна, дзеля адлюстраваньня палітычных поглядаў гэтая фэерыя і задумвалася, але гэта вы зразумеце толькі па прачытаньні раману.

Ня фэнтэзі, а пародыя на яго

«Каларадзкая пушча» ня фэнтэзі, а пародыя на яго. І пра постапакаліпсіс Квяткоўскі ня піша ўсур’ёз. Прынамсі, тыя фрагмэнты тэксту, дзе аўтар адкрыта пасьцёбвае моду на катастрофы, атрымаліся найбольш пераканаўча. У рамане тры часткі, і першыя дзьве сьмешныя амаль як «Аўтаспынам па Галяктыцы» ў перакладзе Паўла Касьцюкевіча. Як мне думаецца, сваю (і немалую) ролю тут адыграў рэдактар, якім нечакана аказаўся Сяргей Прылуцкі, экспэрт па трасянцы і сьмеху скрозь сьлёзы.

Месцамі Квяткоўскі набліжаецца да бліскучых мрыеўскіх вяршыняў… Але толькі набліжаецца. Бо галоўнай мэтай Мрыя быў уласна сьмех, які дапамагае заставацца чалавекам; а Квяткоўскаму муляла жаданьне падзяліцца зь беларусамі сваім бачаньнем (імавернай) палітычнай упарадкаванасьці краіны.

У сэрцах палымнее вобраз неўміручага прарока Z.

Таксама ў анатацыі маецца ласае абяцаньне: чытач у хітраспляценьнях будучыні ўбачыць сучасны Менск. Сьвятая праўда. Тут і цяпер ходзяць па менскіх вуліцах змагары-падпольшчыкі, у чыіх сэрцах палымнее вобраз неўміручага прарока Z. Не забыты яшчэ скандал (сьмешны да слёз, як бальшыня палітычных скандалаў у шэрагах нязломнай апазыцыі), зьвязаны з… кхм… сакратаркай аднае партыі, якая дублюе вобраз вынаходлівай Зулі, гераіні «Каларадзкай пушчы». Іранічны выдавец Коцікаў ня так даўно зьмяніў месца дысьлякацыі. Словам, будучыня ўжо наступіла. І ўляпалася.

Зь іншага боку, той факт, што будучыня ў Квяткоўскага падазрона супадае з нашаю рэчаіснасьцю, можна трактаваць іначай: у бліжэйшае стагодзьдзе (два? тры? дзесяць?) Беларусь ня зьменіцца. Як той пісаў, ня згасьне ліхтар каля аптэкі, і неўміручы саладуха будзе насіць ружовы гарнітур.

Квяткоўскі касплэіць Ноя мясцовага разьліву

Зварот да постапакаліпсісу, нават фармальны, робіцца сымптаматычным. Спачатку Ўладзімір Садоўскі выпускае зомбі ў Маладэчна. Потым у Марціновіча здараецца поўнае зацьменьне. Потым Шарова прапісвае ў Менску дэманічную Ліліт. Урэшце, Квяткоўскі касплэіць Ноя мясцовага разьліву. Ды што там: калі вы раптам адужалі «Сабак Эўропы», то і там маглі ўбачыць прывет з непрыгляднай будучыні, а таксама — фантазію на тэму настаяшчай, ісьціннай Беларусі — астраўной незалежнай Крывіі (вось яна, генэрацыя, узрослая з «Палескіх рабінзонаў»).

Ёсьць адчуваньне, што беларускі інтэлігент, чыім адвакатам перад сьветам выступае пісьменьнік (слава Багушэвічу!), настолькі адчаіўся жыць у беспрасьветнай шэрані эрбэ, што няхай бы ўжо ляснула, згарэла, падтапіла, разьнесла, прыдушыла, патрушчыла і танкам пераехала гэтую вашую (нашую) рэчаіснасьць. Як з зубным болем: нават нямоцны, бясконца яго трываць немагчыма. Даводзіш сябе да кропкі незвароту, каб адчуць пасьля палёгку.

Кажучы зусім каротка: нашто так жыць?..

Наймацнейшы бок Севярына Квяткоўскага як аўтара мастацкай літаратуры ў тым, што ён адэкватна ацэньвае свае магчымасьці. А таксама — абірае ўдалую абгортку для, мажліва, ня самых цікавых чытачу рэчаў. Хто сёньня ў цьвярозым розуме стане чытаць трактат пра ідэальную беларускую сьветабудову? Выбачайце за калямбур, утопію?..

Кнігу можна чытаць у гамаку ўлетку ці пад коўдрай узімку

А «Каларадзкая пушча» — лёгкае чытво, якое не абцяжарыць ні доўгую дарогу, ні кароткія перабежкі ў мэтро. Кнігу можна з аднолькавым посьпехам чытаць у гамаку ўлетку ці пад коўдрай узімку. Тут увогуле ніякіх адмысловых умоваў ня трэба, хіба мінімальная абазнанасьць у палітычнай сытуацыі ды веданьне базавых рэчаў што да народнай спэцыфікі. Пад народнай спэцыфікай я разумею трасянку, магілёўскія норавы, засільле рускага шансону, вясельныя абрады беларусаў у ХХІ стагодзьдзі — ну і г.д.

І вось так, зь песьняй-шуткай-прыбауткай, Квяткоўскі выкладае некалькі мадэляў беларускай дзяржаўнасьці. У сатырычнай кнізе гэтага найменш чакаеш, але, калі добра падумаць,- дзе яшчэ?..

Наста Грышчук. Фота Аксаны Манчук
Наста Грышчук. Фота Аксаны Манчук

Ёсьць і хібы. Найперш гэта датычыць тэмпу аповеду, які ў трэцяй частцы спатыкаецца і ўжо не вытрымлівае разьмеранасьць. То нечакана запавольваецца (бо кніга хутка скончыцца, а чытачу яшчэ трэба столькі патлумачыць), то робіцца ня тое што імклівым, а фрагмэнтарным, бац-бац — і ў дамкі. Бо, зноў жа, кніга хутка скончыцца, трэба паднаціснуць.

Яна сама прыйшла?

Разьвязка таксама пакідае пытаньні. Каб пазьбегнуць спойлераў, задам пытаньне ў космас: атрымліваецца, ад беларусаў, як заўжды, нічога не залежыць?.. Мы ўсе ў палоне жудаснай стыхіі, невінаватыя, яна сама прыйшла?..

На разьвітаньне пакіну літаратуразнаўчую цытату: «Клясычны твор — гэта спэрматазоід-пераможца, які стварае культурны кантэкст на пэўны час».

Чытайце беларускае.

Наста Грышчук

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG