Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы задыхнёмся ў каменным мяшку!» Гомельскія ўлады за ўшчыльненьне, жыхары — супраць


Жыхары Навабеліцкага раёну Гомля пратэстуюць супраць ушчыльненьня
Жыхары Навабеліцкага раёну Гомля пратэстуюць супраць ушчыльненьня

Улады вырашылі «ўшчыльніць» жыхароў Навабеліцкага раёну Гомля. Летась спроба уціснуць шматпавярховы дом сярод старой забудовы не была пасьпяховай — жыхары мікрараёну актыўна выказаліся супраць. Улады адступілі. Праз год чыноўнікі прапанавалі новую канцэпцыю забудовы на вуліцы Піянэрскай.

​Грамадзкія слуханьні аб канцэпцыі будаўніцтва 11-павярховага дому на вуліцы Піянэрскай праводзіць адміністрацыя Навабеліцкага раёну Гомля. Прадстаўнікі ўлады і замоўца будаўніцтва 25 ліпеня сустрэліся з жыхарамі вуліцы. Канцэпцыю прадстаўляў намесьнік начальніка аддзелу ЖКГ адміністрацыі раёну Аляксандар Саковіч.

Аляксандар Саковіч (у цэнтры)
Аляксандар Саковіч (у цэнтры)

Большасьць удзельнікаў сходу выступілі супраць будаўніцтва новага дому ў сябе пад вокнамі.

Іх аргумэнты:

  • у мікрараёне не хапае паліклінік, садкоў, школ, бальніц, крам, паштовых аддзяленьняў і банкаў;
  • не будуецца інфраструктура;
  • парушаецца права на спрыяльнае экалягічнае асяродзьдзе;
  • дрэвы і кусты будуць высечаныя;
  • бракуе парковак;
  • «павысіцца шчыльнасьць насельніцтва безь ніякай на тое вострай неабходнасьці»;
  • падвысіцца ўзровень загазаванасьці і забруджанасьці паветра;
  • прасторны двор дому № 9 па вуліцы Піянэрскай паступова ператвараецца ў цёмны калодзеж
  • каменны мяшок.

Удзельнікі сходу зьвярнулі ўвагу, што летась жыхары мікрараёну сабралі больш за 600 подпісаў супраць ушчыльненьня. Адміністрацыя раёну прыслухалася да людзей і прыйшла да высновы, што будаўніцтва новага дому «немэтазгоднае». У адказе грамадзянам чыноўнікі згадзіліся, што сапраўды ў мікрараёне бракуе паліклінік, садкоў і школ. За год быў пабудаваны толькі адзін садок — на мікрараён з насельніцтвам больш як 70 тысяч чалавек.

Дзеці вучацца ў тры зьмены, у паліклініку ня трапіць

«У школе № 15 — дзесяць першых клясаў! Дзеці вучацца ў тры зьмены. Нам прапаноўваюць вазіць дзяцей вучыцца ў іншы мікрараён. Але школьнікам тады трэба падымацца на дзьве гадзіны раней. На ўвесь мікрараён толькі адна дзіцячая паліклініка. Каб дзіця здало аналізы — ад пятай раніцы чаргу займаем!» — абураліся на сходзе жыхары Піянэрскай.

Жыхары Піянэрскай заўважылі: каб на месцы прыватнага сэктару будавалі паліклініку, садок ці школу — яны б падтрымалі будаўніцтва.

«Я б тут зрабіў дзіцячую пляцоўку ці скейт-парк. Калі будаваць тут чарговы дом — тут будуць проста каробкі зь людзьмі і ніякай эстэтыкі. Хай бы паліклініку пабудавалі — тое, што патрэбна маладым сем’ям», — заўважыў жыхар Піянэрскай Ягор.

Жыхары прыватных дамоў ухваляюць знос і новабудоўлю

Калі канцэпцыю ўхваляць на архітэктурнай радзе, прыватныя дамы № 33 і 35 па вуліцы Піянэрскай зьнясуць.

Цяпер гэтыя дамы ня ў лепшым стане — і самі ня блішчуць хараством, і жыць у іх ня надта камфортна. Іх жыхары выступаюць за новабудоўлю.

«Мы таксама хочам жыць у добрай кватэры, як і вы! У нас не пыталіся дазволу, калі будавалі вашы дамы. Мы ня можам на свой гарод выйсьці — вы на нас пазіраеце з балькона. Бруд і вада да нас цячэ ад вас — бо мы ў нізіне паміж вашымі дамамі жывём. Я сорак гадоў душуся тут. Хачу пажыць у нармальных умовах», — абурыўся жыхар дому № 33 Валер Трацьцяк.

Валер Трацьцяк
Валер Трацьцяк

Грамадзкія абмеркаваньні працягнуцца да 1 жніўня. Усе ахвотныя могуць пісьмова выказаць сваё меркаваньне наконт канцэпцыі забудовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG