Старшыня беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч правёў сустрэчу з жыхарамі Пінску. Аднак, яе спрабавалі сарваць двое мужчын: адзін зь іх быў у парыку, апрануты ў мэдычны халат, і без штаноў.
Сустрэча са Статкевічам у Пінску павінна была прайсьці на пляцоўцы ля адной з праваслаўных цэркваў гораду: у месцы, адведзеным для масавых мерапрыемстваў. Аднак уваход на пляцоўку аказаўся перакрытым міліцэйскімі агароджамі, «нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць», як паведамляе «Народная Грамада».
Сустрэча пачалася на вуліцы, куды неўзабаве пад’ехаў мікрааўтобус. З двух мужчын, што выйшлі зь яго, адзін быў пераапрануты жанчынай у белым халаце. Паводле «Народнай Грамады», яны хуліганілі і брыдкасловілі, аднак іх адціснулі ўбок і ўсё ж правялі сустрэчу зь Мікалаем Статкевічам.
«Мы разумеем імкненьне беларускага рэжыму спадабацца Эўропе. Але мы не чакалі, што пінскія „праваахоўнікі“ зойдуць па шляху талерантнасьці настолькі далёка», — камэнтуе інцыдэнт «Народная Грамада» на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.