Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаражэла. За Дзень Волі ў Менску міліцыя патрабуе ад арганізатараў 8 000 рублёў 


Арганізатары Дня Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019
Арганізатары Дня Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019

Выніковая сума пазову Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму да арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі, які прайшоў 24 сакавіка ў сталічным Кіеўскім сквэры, перавысіла 8 000 рублёў. Гэтая лічба прагучала падчас слуханьняў у судзе Маскоўскага раёну Менска.

Як паведамляе БелаПАН, судзьдзя Вольга Гусакова прыняла рашэньне аб пераносе судовага паседжаньня на 1 жніўня на падставе таго, што прадстаўнік ГУУС падрыхтаваў новыя патрабаваньні з улікам пені. На момант падачы пазову гэтая лічба была істотна меншай — 7 259 рублёў.

З боку арганізатараў імпрэзы прысутнічаў Ігар Барысаў, ад міліцыі — юрысконсульт упраўленьня фінансавай службы і тылу ГУУС Менгарвыканкаму Дзяніс Зінавенка.

«Калі адзін з бакоў павялічвае суму пазову, то няма магчымасьці казаць пра мiравое пагадненьне. Складваецца ўражаньне, што міліцыя знарок зацягвае разгляд справы, каб кожны раз павялічваць патрабаваньні», — адзначыў у камэнтары Ігар Барысаў.

Праваахоўнікі маюць спагнаць з арганізатараў святкаваньня сродкі паводле дамовы аб ахове грамадзкага парадку. Пазванымі зьяўляюцца заяўнікі акцыі з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР: Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў і Ігар Барысаў.

11 чэрвеня арганізатары Дня Волі падалі пазоў у суд Маскоўскага раёну Менску з патрабаваннем скасаваць дамову на аказаньне паслуг аховы правапарадку. Абгрунтаваньнем стаў факт затрыманьня падчас акцыі апазыцыянэраў Зьмітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага людзьмі ў цывільным. Арганізатары не змаглі дамагчыся ад супрацоўнікаў ГУУС тлумачэньня іх дзеяньняў. Акрамя таго, яны палічылі парушэньнем дамовы забарону для ўдзельнікаў мітынгу пакідаць імпрэзу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі пад пагрозай затрыманьня.

Палажэньне аб парадку аплаты паслуг аховы грамадзкага парадку і расходаў, зьвязаных з мэдыцынскім абслугоўваньнем і прыборкай тэрыторыі было зацьверджана ўрадам у студзені 2019 году. Гэтае рашэньне неаднаразова крытыкавалі палітыкі і праваабаронцы.

Згодна з дакумэнтам, урэгуляваньне рознагалосьсяў паміж арганізатарамі масавай акцыіі органамі ўнутраных спраў ажыцьцяўляецца шляхам перамоваў або ў судовым парадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG