Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусам за грошы прапануюць эўрапейскія пашпарты, і ці законна гэта


Ілюстрацыйнае фота

Каб стаць грамадзянамі Эўразьвязу, беларусам прапануюць пашукаць свае карані ў Румыніі, Польшчы і Баўгарыі. Што робяць гэтыя кампаніі і хто да іх зьвяртаецца?

У Беларусі працуюць кампаніі, якія абяцаюць дапамагчы з атрыманьнем грамадзянства ЭЗ. Адразу некалькі зь іх дапамагаюць з «картай паляка», а цяпер зьявілася фірма, якая абяцае дапамагчы атрымаць румынскі пашпарт. У 2007 годзе Румынія разам з Баўгарыяй увайшла ў Эўрапейскі зьвяз.



Што прапануюць

Ілюстрацыйнае фота. Румынскі пашпарт
Ілюстрацыйнае фота. Румынскі пашпарт

У Румыніі дзейнічае закон аб рэпатрыяцыі, які дазваляе іншаземцам атрымаць пашпарт грамадзяніна Румыніі пры ўмове, што ён мае румынскія карані. У Беларусі працуе кампанія, якая дапамагае сабраць усе неабходныя дакумэнты і накіраваць іх у Румынію. Самае галоўнае, што пры атрыманьні грамадзянства Румыніі чалавек становіцца паўнавартасным грамадзянам ЭЗ.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды, такой паслугай беларусы ўжо карыстаюцца. Праўда, ня масава. Кошт дапамогі таксама залежыць ад наяўнасьці неабходных дакумэнтаў.

Як гэта працуе

Адна з супрацоўніц менскай турфірмы зьвярнулася да кампаніі, якая прапануе румынскае грамадзянства. Мэта — чыстая цікаўнасьць, бо многія кліенты фірмы ня раз запытваліся пра такую магчымасьць.

«Я патэлефанавала у менскі офіс і прыехала на сустрэчу. Офіс — адзін пакойчык ў бізнэс-цэнтры, два супрацоўнікі расказалі, што цяпер Румынія пашырыла пералік асобаў, якія могуць прэтэндаваць на грамадзянства паводле праграмы рэпатрыяцыі: дастаткова знайсьці сваяка, які пражываў на тэрыторыі заходняй краіны, дакумэнтальна гэта пацьвердзіць, падаць запыт у профільны орган у Румыніі — і празь нейкі час даюць пашпарт. Патрэбна невялікая папярэдняя аплата, здаецца, 500 эўра, і яшчэ каля 2000 аплачваеш калі атрымліваеш на рукі дакумэнты пра тое, што ёсьць сваякі», — распавяла яна Свабодзе на ўмовах ананімнасьці.

У кампаніі жанчыне паабяцалі 100% гарантыі атрыманьня пашпарта, тэрмін — каля году, бо румынскія чыноўнікі не спраўляюцца з патокам ахвотнікаў.

«У мяне ёсьць трое знаёмых, якія зьвярнуліся да гэтай фірмы мінулай вясной. Пакуль што статус „на разглядзе“. У мяне асабіста няма ніякай статыстыкі посьпеху або правалу гэтай працэдуры», — удакладніла суразмоўца. Сама яна зьвярталася дзеля цікаўнасьці і пашпарт рабіць не зьбіралася.

Якія краіны

Карта паляка, ілюстрацыйнае фота
Карта паляка, ілюстрацыйнае фота

Найбольш папулярны шлях — атрыманьне карты паляка, а ўжо пасьля пашпарта Польшчы і, адпаведна, грамадзянства ЭЗ. Гэтым таксама ў Беларусі займаецца шэраг кампаній. У адной зь іх Свабодзе расказалі, што да іх штодзень зьвяртаецца па некалькі чалавек.

«Чым цяжэйшае становішча ў краіне, тым больш ахвочых некуды выехаць. Сёньня паслуга актуальная, але ня мы адны гэтым займаемся, цікавасьць адназначна вялікая, зьвяртаюцца. Усё залежыць ад жыцьцёвых абставінаў чалавека. Што па цане, то яна залежыць ад аб’ёму дакумэнтаў, большасьць зь якіх рыхтуюцца ў Польшчы. У сярэднім атрымліваецца каля тысячы рублёў цалкам падрыхтоўка дакумэнтаў», — расказваюць у кампаніі.

Наколькі гэта законна

У кампаніях, якія займаюцца эўрапейскім грамадзянствам для беларусаў, сьцьвярджаюць, што такая працэдура не парушае беларускага заканадаўства.

«У нас у законе прапісана, што чалавеку не забаронена мець грамадзянства іншай краіны, але для Беларусі чалавек найперш грамадзянін Беларусі. Ён ня можа карыстацца іншымі прывілеямі, польскім ці літоўскім пашпартам», — расказваюць у кампаніі.

Ілюстрацыйнае фота. Мужчына паказвае польскі пашпарт
Ілюстрацыйнае фота. Мужчына паказвае польскі пашпарт

Як на гэта глядзяць у ЭЗ

Паводле дырэктара дасьледаваньняў East Center Андрэя Елісеева, у ЭЗ зьвяртаюць увагу, каб такая выдача пашпартоў не была безкантрольнай. Па ягоных зьвестках, сярод беларусаў ёсьць некалькі соцень чалавек, якія атрымалі грамадзянства Вугоршчыны.

«Мажліва, гэта акурат беларусы, якія мелі сапраўды сваякоў з Вугоршчыны ці зьвярталіся ў падобныя кампаніі. Беларусы ведаюць пра такую схему, інфармацыі пра гэта хапае», — кажа Андрэй Елісееў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG