Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі 11-гадовага Ігната не змаглі яго падзяліць. Цяпер хлопчык у прытулку


Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Шэсьць з паловай гадоў Тацяна і Дзьмітры Шымановічы ня могуць падзяліць сына і судзяцца. 5 ліпеня 11-гадовы Ігнат апынуўся ў дзіцячым прытулку.

«Я праўда не хачу ваяваць. Гляджу на Ігнатку — разрываецца сэрца», — са сьлязьмі кажа Тацяна, маці Ігната.

Камісія ў справах непаўналетніх Менскага раёну прызнала, што хлопчык «мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне» — пры жывых і здаровых бацьках.

«Прытулак зьяўляецца адзіным захадам для наладжваньня шчыльных бацькоўскіх стасункаў, асабліва для фармаваньня станоўчага стаўленьня сына да маці», — патлумачыла ў судзе Юлія Янкоўская, намесьніца старшыні камісіі ў справах непаўналетніх Менскага райвыканкаму.

«Сын абярнуўся і на мяне паглядзеў — для мяне гэта сьвята»

18 ліпеня скончыўся чарговы суд. Бацька Дзьмітры Шымановіч абскарджваў рашэньне камісіі ў справах непаўналетніх аб прызнаньні сына Ігната тым, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Судзьдзя Вольга Красоўская задаволіць скаргу бацькі адмовілася. Ігнат застаецца ў прытулку.

«Мне вельмі шкада Ігната, — кажа маці Тацяна. Я разумею, што дзіцяці ў прытулку нясоладка. Але мяне адно суцяшае: зь дзіцем працуюць псыхолягі, няма побач таты, які моцна ўплывае на Ігната, няма бабулі і бацькавага прадстаўніка Бакуліна (Алег Бакулін — кіраўнік ГА „Абарана правоў бацькоў і дзяцей“. — РС). Псыхалягічна ніхто на Ігната ня цісьне, не падказвае, што трэба сказаць».

Жанчына кажа, што кожны дзень наведвае сына. І хоць той не называе яе мамай, а толькі Таняй, яна радуецца, што Ігнат хоць неяк на яе рэагуе.

«Сёньня, калі мне дзіця сярэдні пальчык паказала, я лётала! Значыць, рэакцыя на мяне ёсьць. Псыхолягі тлумачаць, што нават калі ў дзіцяці агрэсія, гэта азначае, што рэакцыя на маці ёсьць. Горш, калі наагул няма ніякай рэакцыі. Калі я сыходзіла, а сын некалькі разоў абярнуўся і на мяне паглядзеў — для мяне таксама сьвята! Дзіця мяне не ігнаруе, ён на мяне глядзіць! Нават калі я прывожу ласункі, а ён дзецям іх раздае — для мяне таксама радасьць», — кажа Тацяна.

Шэсьць гадоў бацькі дзеляць дзяцей

Тацяна і Дзьмітры Шымановічы пабраліся шлюбам у канцы 1990-х. Гадавалі траіх дзяцей — Эвеліну, дачку Тацяны ад першага шлюбу, якую Дзьмітры ўдачарыў, і дваіх агульных дзетак, Карыну і Ігната.

У 2013-м Тацяна і Дзьмітры разьвяліся. Заводзкі суд Менску вырашыў, што 12-гадовая дачка Карына павінна жыць з татам, а 4-гадовы сын Ігнат — з мамай. Але бацька не аддаў Ігната: з абаімі дзецьмі Дзьмітры пасяліўся ў Міханавічах у сваёй маці. І паміж былымі сужэнцамі пачаліся бясконцыя суды і бітва за Ігната.

Карына і Ігнат, архіўнае фота
Карына і Ігнат, архіўнае фота

3 сьнежня 2015 году Менскі гарадзкі суд адмяніў рашэньне суду Заводзкага раёну і пастанавіў, што Ігнат таксама павінен жыць з бацькам. Але 29 красавіка 2017 году зноў вырашыў, што Ігнат павінен жыць з мамай — у гарадзкой кватэры на вуліцы Сяліцкага ў Шабанах.

Нягледзячы на гэтае рашэньне хлопчык застаўся жыць у Міханавічах з бацькам. Ігнат там пайшоў у школу, дзе вучыўся толькі на 9 і 10. Дзьмітрый з гонарам паказвае стос грамат, дыплёмаў, падзяк. Ігнат займаўся ў футбольнай сэкцыі, перамагаў у шматлікіх конкурсах малюнкаў.

Бацька ганарыцца сынам, расказвае, які Ігнат таленавіты, як дружна яны жывуць, паказвае фота і відэа з трэніровак, экскурсій, адпачынку.

Аднак 29 красавіка 2019 году камісія ў справах непаўналетніх прыняла рашэньне прызнаць Ігната маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, што на больш зразумелай мове азначае «накіраваць у прытулак».

Выканаць рашэньне паспрабавалі ў той жа дзень. Дзьмітры пасьпеў папярэдзіць журналістаў, што прыйдуць забіраць дзіця. Пад тэлекамэрай чыноўнікі і міліцыянты не адважыліся забраць Ігната. Было яшчэ некалькі спробаў, але таксама безвыніковых.

Пералом лапаткі, страсеньне мозгу, сінякі — як Ігната забіралі ў прытулак

5 ліпеня Ігната з бацькам папрасілі прыйсьці да школьнага псыхоляга: патэлефанаваў дырэктар Міханавіцкай школы Ўладзімер Каліноўскі, запытаўся, ці дакладна яны прыйдуць. Бацька запэўніў, што абавязкова будуць.

Дзьмітры Шымановіч
Дзьмітры Шымановіч

«Мы з Ігнатам павінны былі працаваць асобна з рознымі псыхолягамі. Я распрануў яго, прычасаў і пайшоў у іншы кабінэт. А там міліцыя, чыноўнікі. Я пачуў крык Ігната, ірвануў у калідор. Мяне „завалілі“ на падлогу чатыры міліцыянты, калені на сьпіну паставілі. Я вырываўся. Бачу: выносяць Ігната, скруцілі яго жахліва, той крычаў, як яму баліць. Крыкі былі чуваць ва ўсёй школе і на вуліцы. Ігната адвезьлі ў прытулак. Калі я прыехаў туды, з прытулку выяжджала хуткая дапамога, было чуваць, як крычыць Ігнат», — расказвае бацька.

Мэдыцынскае заключэньне
Мэдыцынскае заключэньне

Увечары Дзьмітрыю стала кепска, ён страціў прытомнасьць. Выклікалі «хуткую», завезьлі спачатку ў Бараўляны, потым у сталічны шпіталь хуткай дапамогі — у яго пералом лапаткі, страсеньне мозгу, шматлікія сінякі. Цяпер Шымановіч-старэйшы на бальнічным, рука ў гіпсе. Ён напісаў скаргу на дзеяньні міліцыі ў Сьледчы камітэт і пракуратуру, зьняў пабоі, прыклаў мэдыцынскае заключэньне.

Празь дзень бацьку дазволілі сустрэцца з сынам у прытулку. Ён заўважыў у дзіцяці сінякі на жываце, грудной клетцы. Кажа, сын прызнаўся, што гэта міліцыянты зрабілі. Бацька прасіў, каб правялі мэдыцынскі агляд Ігната, але, зь ягоных словаў, гэтага не было зроблена.

Абвесткі пра пошук Ігната была расклееныя па горадзе

У канцы мінулага вучэбнага году, 24 траўня 2018-га, маці Ігната Тацяна Шымановіч забрала Ігната, калі бабуля вяла дзіця ў школу.

Вось якія пісьмовыя тлумачэньні даваў Ігнат участковаму інспэктару.

«24 траўня я ішоў з бабуляй у школу і ўбачыў, што з машыны выбег мужчына, схапіў бабулю, мяне штурхнуў нагой у жывот. Я спалохаўся і пабег наперад. Мяне дагнала Таня. За галаву мяне цягнула яе сяброўка Наташа. А Таня штурхала мяне нагой у зад, пасадзіла ў машыну. У машыне быў яшчэ муж Наташы і мужчына, які хапаў бабулю, Валодзя. Таня схапіла мяне і крычала, што калі я ня буду называць яе мамай, то заб’е майго тату».

Інспэктар у справах непаўналетніх маёр Аляксандар Шырокаў пацьвярджае, што дзіця выкралі гвалтоўна. Ён у судзе прызнаў, што аднаго з памагатых маці ў выкраданьні Ігната Ўладзімера Плашчынскага суд прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасьці і аштрафаваў на 10 базавых велічыняў.

Амаль чатыры месяцы — з 24 траўня да 17 верасьня 2018 году — хлопчык жыў з маці. Бацька шукаў сына, зьвяртаўся ў пошукава-выратавальны атрад «Анёл». Па горадзе былі расклееныя абвесткі аб пошуках Ігната.

«Аднак дзеяньні Тацяны Шымановіч у выкраданьні Ігната не зьяўляюцца незаконнымі, бо яна маці і не пазбаўленая бацькоўскіх правоў», — перакананы маёр міліцыі Шырокаў.

«Дзіця жыве ў высокім стане трывожнасьці, канфліктнай сытуацыі паміж бацькамі»

10 верасьня 2018 году Тацяна Шымановіч прывяла сына ў 142-ю школу, дзе Ігнат правучыўся толькі 5 дзён. 17 верасьня 2018-га бацька забраў яго ў Міханавічы.

І адразу павёў сына ў Міханавіцкую школу, дзе Ігнат вучыўся раней. Дырэктар школы Ўладзімер Каліноўскі спачатку пагадзіўся ўзяць Ігната, а потым адмовіўся — маўляў, дакумэнты 142-я школа не аддала, бо месцам жыхарства дзіцяці суд вызначыў Шабаны, дзе маці. А вазіць 10-гадовае дзіця зь Міханавічаў у Шабаны спачатку электрычкай, потым на мэтро і аўтобусе — дзьве гадзіны ў адзін бок. Школа ж у Міханавічах за 50 мэтраў ад дома.

Ігнат з бацькам і сябрамі, архіўнае фота
Ігнат з бацькам і сябрамі, архіўнае фота

Аднак чыноўнікі і настаўнікі ніяк не маглі прыйсьці да згоды, дзе будзе вучыцца Ігнат. Намесьніца старшыні КСН Янкоўская на судзе пераконвала, што бацькам прапаноўвалі розныя варыянты навучаньня дзіцяці, але тыя на іх не пагаджаліся. Урэшце пасьля дзясятка зваротаў у школы, упраўленьні і камітэты бацька дайшоў да намесьніка міністра адукацыі, і было вырашана, што Ігнат будзе вучыўся паводле індывідуальнага пляну, які распрацавала 142-я школа. Залікі і кантрольныя Ігнат павінен быў здаваць настаўнікам 142-й школы, што ў Шабанах.

«Даходзіла да абсурду: матэматыкай, мовамі Ігнат займаўся самастойна, з рэпэтытарамі, а на фізкультуру, сьпевы, урокі працы яму дазвалялі хадзіць у Міханавіцкую школу. На іншыя сур’ёзныя ўрокі хадзіць забаранялі», — расказалі ў судзе рэпэтытарка Ігната Валянціна Іванаўна Сезень і суседка Марына Капушэнка.

Паводле намесьніцы старшыні камісіі ў справах непаўналетніх Менскага райвыканкаму Янкоўскай, камісія прыняла рашэньне аб дзяржаўнай абароне Ігната ў яго ж інтарэсах — каб хлопчыка атэставалі за трэцюю і чацьвертую чвэрці.

«Дзіця сапраўды жыве ў высокім стане трывожнасьці, высокай канфліктнай сытуацыі паміж бацькамі, таму ён і адабраны. Няхай Ігнат супакоіцца, пажыве без бацькоў, каб зь ім папрацавалі псыхолягі, аднавілі ягоны эмацыйны стан», — мяркуе Юлія Янкоўская.

«Дазмагаліся»

Маці Ігната Тацяна ўпэўненая, што сыну трэба пабыць без уплыву бацькі. Бо ў Дзьмітрыя толькі адна пазыцыя: у дзіцяці ёсьць тата, а мамы быццам бы і няма. Жанчына кажа, што былы муж зрабіў усё, каб ізаляваць ад яе дзяцей.

«Калі ён забраў дзіця ў 4 гады, сын быў моцна прывязаны да мяне, і тату не было балюча глядзець, як сын у слухаўку крычаў: „Мама, я хачу да цябе!“ А цяпер дзіця прывязанае да бацькі. Гэта ж натуральна! А да каго яму прывязвацца? Да таго, хто побач!»

Тацяна запэўнівае, што згодна пайсьці на міравое пагадненьне, на мэдыяцыю, і пра гэта літаральна ўчора казала псыхолягу ў прытулку. Яна абяцае нават пагадзіцца, каб сын застаўся з бацькам, але з гарантыяй, што будзе бачыцца з Ігнатам і забіраць яго на выходныя.

«На такія ўмовы я пайду. Але трэба вырашыць і іншыя моманты, у тым ліку і з кватэрай. Я ж прасіла ў траўні, калі мы былі ў судовых выканаўцаў: давай вырашаць пытаньне мірам, інакш адбяруць дзіця. Але Шымановіч лічыць, што ён „пуп зямлі“.

Больш за ўсё мяне ўразіла, калі мы ў красавіку летась прыяжджалі з судовымі выканаўцамі, і ў дзіцяці яны пыталіся: „Ігнатка, а чаму ты ня хочаш жыць з мамай?“ Ён адказвае: „Таму што яна будзе мяне біць і зробіць інвалідам!“ Уяўляеце, што можна ўкладаць у галаву дзіцяці? Не казалі ж яму, што „Мама цябе любіць“. Як жа трэба было запалохаць дзіця!»

У бацькі Ігната Дзьмітрыя сваё бачаньне сытуацыі:

Ігнат і Карына, архіўнае фота
Ігнат і Карына, архіўнае фота

«Тацяна Віктараўна ніколі не займалася дзецьмі. Калі мы жылі разам, яна біла іх, не гатавала ежу, пакідала дзяцей адных, без нагляду. Апошняй кропляй стала тое, як аднойчы мы з Карынай і бабуляй вярнуліся дадому (а кватэра на 11-м паверсе) і ўбачылі, як каля раскрытага акна стаіць 4-гадовы Ігнат і корміць галубоў. Я ледзьве пасьпеў яго схапіць... Пасьля гэтага я сам напісаў заяву ў аддзел апекі ўпраўленьня адукацыі Заводзкага РУУС, забраў дзяцей і зьехаў да маці ў вёску.

А каб вы бачылі, у якім стане я прывёз Ігнатку пасьля таго, як Тацяна Віктараўна выкрала яго і 4 месяцы цягала за сабой — схуднелага, хворага. Ёй дзеці наагул не патрэбны — з дачкой Карынай яна не кантактуе цэлых 6 гадоў — ніводнага падарунку, нават тэлефанаваньня. І Ігнат не патрэбен Тацяне Віктараўне, ёй патрэбна кватэра і доля Ігната ў кватэры». Дзьмітрый ня можа стрымаць сьлёз.

Ён сьцьвярджае, што ніколі не настройвае дзяцей супраць маці, ня кажа пра яе кепска пры дзецях — маўляў, яны самі бачаць і адчуваюць стаўленьне да іх.

«Я таксама, як магла, змагалася за сваё дзіця. Але дазмагаліся. Абое», — празь сьлёзы кажа маці Ігната Тацяна.

Цяпер Ігната ізалявалі ня толькі ад маці, але і ад бацькі, сястры, бабулі. Колькі часу прабудзе ён у прытулку, колькі судоў яшчэ наперадзе ў Шымановічаў, цяжка сказаць. Аднак Дзьмітры Шымановіч хоча працягваць судзіцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG