Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ветцы трэці раз чакаюць Лукашэнку. ФОТА


У цэнтральным парку жанчыны зграбаюць скошаную траву
У цэнтральным парку жанчыны зграбаюць скошаную траву

Веткаўскі раён трэці раз за два гады рыхтуецца да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Ён меўся прыехаць на адкрыцьцё новай птушкафабрыкі ў сьнежні 2016-га. Чакалі яго і на гадавіну чарнобыльскай трагедыі ўвесну 2017-га. Цяпер мясцовыя кажуць, што «дакладна прыедзе» 26 ліпеня.

У Ветцы і раёне Лукашэнку зьбіраюцца паказаць новы басэйн, пабудаваны летась, і птушкафабрыку каля вёскі Навасёлкі. Па дарозе на прадпрыемства будуюць прыпыначныя пункты і косяць траву.

Мясцовыя жыхары кажуць, што паступіў загад працаваць па 12 гадзін на дзень.

Цяпер парадкуюць усе прадпрыемствы, бо ня ведаюць дакладна, куды Лукашэнка паедзе.

Калі раптам прэзыдэнт захоча паназіраць за жнівом — адмыслова для яго пакінулі нязжатае поле каля вёскі Хальч.

У Ветцы аўральныя працы правялі пазалетась. Таму цяпер тут толькі «наводзяць лоск» — каля новабудоўлі на ўезьдзе кладуць плітку.

У цэнтральным парку жанчыны зграбаюць скошаную траву. Сказалі, што насамрэч яны ня дворнікі, а супрацоўніцы выканкаму.

У цэнтры гораду заўважаныя аўтамабілі з зацемненымі вокнамі і менскімі нумарамі. Мясцовыя кажуць, што гэта служба аховы прэзыдэнта, якая правярае тут усё.

Жыхар адной зь вёсак раёну працуе мэханізатарам. Ён хацеў бы пры магчымасьці спытацца ў кіраўніка дзяржавы пра нізкія заробкі. Па яго словах, мэханізатары ў вёсках не ў сэзон жніва атрымліваюць мінімальны заробак. «Але было б лепей, каб мне ўвогуле яго не сустрэць. Каб ён ня бачыў мяне і не было праблем. Кожны з нас хоча схавацца на час яго прыезду», — дадаў мэханізатар Васіль.

Горад зьмяніўся пасьля аўральных работ увесну 2017 году. Тады ў чаканьні кіраўніка дзяржавы пераклалі тратуарную плітку, заасфальтавалі дарогі, упарадкавалі газоны, пафарбавалі дамы, памылі дахі і пабудавалі амфітэатар. Але Лукашэнка паехаў 26 красавіка ў Чарнобыль, дзе меў сустрэчу зь Пятром Парашэнкам.

Ветцы засталіся заасфальтаваныя дарогі, тратуары і прыгожы газон на цэнтральнай плошчы. Летам замест газоннай травы там вырасла лебяда.

Апошні раз у Веткаўскім раёне, адным з самых забруджаных пасьля аварыі на ЧАЭС, Лукашэнка быў у 2005 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG