Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адмовіліся разьмяшчаць у Віцебску шыльды з гістарычнымі назвамі вуліцаў


Шыльды з гістарычнымі назвамі ў Пружанах
Шыльды з гістарычнымі назвамі ў Пружанах

Актывісты грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» сабралі каля 1000 подпісаў пад зваротам у Віцебскі гарвыканкам з прапановай разьмясьціць у цэнтры гораду шыльды з гістарычнымі назвамі вуліцаў. Праваабрарочы сайт «Віцебская вясна» цытуе адказ, у якім гаворыцца, што гэта «можа прынесьці пэўныя нязручнасьці для жыхароў і гасьцей гораду...»

Прапанова ўсталяваць шыльды зь пералікам гістарычных назваў тычылася 14-ці цэнтральных вуліцаў Віцебску — Леніна, Суворава, Талстога, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Кастрычніцкай, Пушкіна, Путна, камісара Крылова, Энгельса, Урыцкага, Савецкай, Кірава, Шубіна, праспэкту Фрунзэ, а таксама плошчы Леніна.

Ініцыятары прапановы абапіраліся на досьвед іншых беларускіх гарадоў, напрыклад Менску, Горадні, Баранавічаў, Пружанаў ды іншых. На думку актывістаў, усталяваньне шыльдаў са спрадвечнымі назвамі вуліцаў дапаможа захаваць Віцебску сваё гістарычнае аблічча, падкрэсьліць сваё мінулае ды прывабіць турыстаў.

«Гораду Віцебску ў гэтым годзе спаўняецца 1045 гадоў, падчас якіх гарадзкія вуліцы неаднаразова зьмянялі свае назвы. Нанясеньне ўсіх гістарычных назваў вуліц на аншлягі ня будзе садзейнічаць падтрыманьню адзінай канцэпцыі афармленьня гістарычнай часткі гораду, зможа прынесьці пэўныя нязручнасьці для жыхароў і гасьцей гораду», — напісаў у адказе актывістам «Альтэрнатывы» намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

Якія нязручнасьці гэта можа прынесьці віцяблянам і гасьцям гораду, чыноўнік не ўдакладніў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG