Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сустрэліся на Вааламе. Кіраўнікі Беларусі і Расеі ўжо агледзелі, у прыватнасьці, Спаса-Праабражэнскі сабор, прысутнічалі на службе ў гэтым храме, а таксама пабывалі на тэрыторыі скіта ў імя Ўсіх Сьвятых, у царкве Смаленскай іконы Божай Маці і капліцы Царскіх пакутнікаў.
На відэа расейскіх тэлеканалаў бачна, як Уладзімір Пуцін некалькі разоў жагнаецца каля абраза і цалуе яго. Аляксандар Лукашэнка і ягоны сын Мікалай не жагналіся. Лукашэнка толькі пацалаваў абраз.
Сёньня Лукашэнка і Пуцін плянуюць наведаць канцэрт хору Валаамскага манастыра.
Сустрэча на Валааме носіць нефармальны характар. 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу Пуцін і Лукашэнка правядуць перамовы і выступяць на пленарным пасяджэньні VI форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі.