Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп забараніў прадаваць Турэччыне амэрыканскія зьнішчальнікі F-35


Амэрыканскі зьнішчальнік F-35, ілюстрацыйнае фота
Амэрыканскі зьнішчальнік F-35, ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыняў 16 ліпеня канчатковае рашэньне не прадаваць Анкары сучасныя амэрыканскія зьнішчальнікі F-35. Гэта стала адказам на пастаўку ў Турэччыну першых партый расейскіх зэнітна-ракетных комплексаў С-400, паведамляе The Wall Street Journal.

Паводле асьцярогаў Пэнтагону, калі б F-35 патрапілі ў Турэччыну, Расея праз радары С-400 магла б атрымаць важную інфармацыю аб электроніцы, якой аснашчаныя зьнішчальнікі.

Турэцкія прадпрыемствы цяпер пазбавяцца ліцэнзіі на вытворчасьць сотняў вузлоў і дэталяў F-35, якія яны выпускалі ў рамках вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж краінамі NATO. Турэччына зарабляла на гэтых замовах больш за 200 мільёнаў даляраў. Дональд Трамп асабіста абяцаў вытворцу F-35 карпарацыі «Локхід-Марцін», што адміністрацыя ў парадку кампэнсацыі падпіша зь ёй дадатковыя кантракты.

Дональд Трамп з разуменьнем паставіўся да рашэньня прэзідэнта Турэччыны Реджепа Эрдагана набыць расейскія С-400, паколькі адміністрацыя Абамы агаворвала прадстаўленьне Анкары амэрыканскіх ЗРК «Патрыёт» празьмерна жорсткімі ўмовамі. Аднак і дэмакраты, і рэспубліканцы ў Кангрэсе заклікалі Белы дом ня толькі дэнансаваць пагадненьне з F-35, але і ўжыць санкцыі да Турэччыны за сувязі з расейскім вайскова-прамысловым комплексам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG