Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Турэччыны за асваеньне шэльфу Кіпра


Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі Турэччыны і Эўразьвязу
Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі Турэччыны і Эўразьвязу

Рада Эўразьвязу на ўзроўні кіраўнікоў МЗС 15 ліпеня ўхваліла ўвядзеньне санкцый супраць Турэччыны з прычыны правядзеньня Анкарой геолягаразьведнага сьвідраваньня ля берагоў Кіпру.

Эўразьвяз рашуча асуджае сьвідравальную дзейнасьць Турэччыны ва Ўсходнім Міжземнамор’і, якую лічыць незаконнай. Нягледзячы на неаднаразовыя заклікі спыніць сьвідраваньне, Турэччына працягвала свае геолягаразьведныя работы ў тэрытарыяльных водах Кіпру, гаворыцца ў прэс-рэлізе Рады Эўразьвязу.

У сувязі з гэтым у Брусэлі прынялі рашэньне:

  • скараціць абʼём фінансавай дапамогі Турэччыне як кандыдату на ўступленьне ў Эўразьвяз,
  • прыпыніць перамовы пра ўсёабдымнае пагадненьні аб паветраных зносінах з Турэччынай,
  • адмяніць шэраг сустрэч на высокім узроўні ў рамках дыялёгу паміж Эўразьвязам і Турэччынай,
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку прапанавана перагледзець сваю крэдытную дзейнасьць у Турэччыне, асабліва ў галіне крэдытаваньня зь дзяржаўнай падтрымкай.

Таксама ў супольнай заяве гаворыцца, што Рада Эўразьвязу працягвае займацца гэтым пытаньнем, будзе сачыць за разьвіцьцём падзей і разглядаць варыянты іншых «мэтавых захадаў» у сьвятле працягу сьвідравальных работ ва Ўсходнім Міжземнаморʼі.

Турэччына мае «роўныя правы на рэсурсы Кіпру» і працягне сьвідраваць

Турэччына ўжо адрэагавала на санкцыі Эўразьвязу, заявіўшы, што працягне сьвідраваць ва ўсходняй частцы Міжземнага мора, нягледзячы на рашэньне Эўразьвязу, гаворыцца ў заяве МЗС Турэччыны.

У ведамстве адзначылі, што Турэччына мае «роўныя правы на рэсурсы Кіпру», а Эўразьвяз ставіцца да кіпрскага пытаньня перадузята, і такое рашэньне ЭЗ зьяўляецца «прыкладам таго, як грэкі і грэкі-кіпрыёты злоўжываюць сяброўствам у Эўразьвязе». «Турэччына працягне абараняць свае правы і правы туркаў-кіпрыётаў, а таксама актывізуе сваю дзейнасьць у гэтым аспэкце», — гаворыцца ў заяве.

На шэльфе ў выключнай эканамічнай зоне Кіпра знаходзяцца вялікія паклады нафты і газу. Турэччына шмат гадоў аспрэчвае межы гэтай зоны. У траўні 2019 году Турэччына накіравала ў раён шэльфу сьвідравальнае судна для правядзеньня геолягаразьведных работ. Нягледзячы на заклікі Эўразьвязу і ЗША спыніць сьвідраваньне, у пачатку ліпеня Анкара даслала ў рэгіён яшчэ адно судна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG