Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз аднаўляе фінансавую дапамогу Малдове


Прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях пашырэньня Яганэс Ган і прэм'ер-міністарка Малдовы і Мая Санд у Брусэлі 3 ліпеня

Пра гэта ў Брусэлі заявіў прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях пашырэньня Яганэс Ган пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Малдовы Нікалае Папэску, паведамляе Deutsche Welle.

Паводле Гана, першы транш у памеры 14,5 мільёнаў эўра Кішынэў атрымае на працягу некалькіх дзён. Грошы будуць накіраваныя на праграму прафэсійнай тэхнічнай адукацыі і працу зоны свабоднага гандлю Малдовы з Эўразьвязам.

Другі транш Эўракамісія можа накіраваць ўжо ўвосень, лічыць Ган. Апроч іншага, увосень Брусэль можа даць Кішынэву першую частку крэдыту макрафінансавай дапамогі. Але для гэтага, паводле Гана, неабходна дачакацца справаздачы Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

Эўразьвяз выдзеліў макрафінансавую дапамогу Малдове на суму 100 мільёнаў эўра ў 2017 годзе. Праз год яе прыпынілі праз парушэньні ў краіне дэмакратычных прынцыпаў. Для аднаўленьня дапамогі Малдова павінна была прадэманстраваць барацьбу з карупцыяй і правесьці парлямэнцкія выбары ў адпаведнасьці з міжнароднымі нормамі.

У чэрвені ў Малдове выбухнуў палітычны крызіс. Тады былыя супернікі — праэўрапейскі блок ACUM і Партыя сацыялістаў Ігара Дадона, якія маюць большасьць у парлямэнце, — сфармавалі кіруючую кааліцыю, каб адхіліць ад улады алігарха Ўладзіміра Плахатнюка і ягоную Дэмакратычную партыю. Новы ўрад падтрымалі ЗША, Эўразьвяз і Расея.

Цяперашні ўрад узначальвае Мая Санд — адна зь лідэраў блёку ACUM. Паводле яе, Малдова ня мае намеру адмаўляцца ад праэўрапейскай палітыкі. У той жа час Санд падкрэсьліла, што настроена на разьвіцьцё эканамічных адносінаў з Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG