Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Новай Зэляндыі ўпершыню выкупляюць зброю ў насельніцтва


Крама зброі ў Крайстчэрчы
Крама зброі ў Крайстчэрчы

У Новай Зэляндыі пачалася канфіскацыя ў насельніцтва аўтаматычнай і паўаўтаматычнай зброі, валоданьне якой было забаронена пасьля нападу на дзьве мячэці ў горадзе Крайстчэрч на паўднёвым усходзе краіны.

У суботу першыя 68 уладальнікаў забароненай зброі здалі яе ў абмен на грашовую кампэнсацыю. Паведамляецца, што ў сукупнасьці яны атрымалі больш за 200 тысяч новазэляндзкіх даляраў (прыкладна 130 тысяч даляраў ЗША). Усяго ўлады вылучылі на кампэнсацыю ўладальнікам зброі больш за 200 мільёнаў. Першая масавая здача зброі сымбалічна прайшла ў Крайстчэрчы. Па ўсёй краіне да сьнежня будзе арганізавана каля 250 падобных цырымоніяў. Ад новага году валоданьне забароненымі відамі ўзбраеньняў стане цалкам нелегальным і будзе перасьледавацца паводле закону.

Зброевае заканадаўства Новай Зэляндыі было адным з самых лібэральных у сьвеце. На руках у насельніцтва цяпер знаходзіцца да 1,5 мільёна адзінак агнястрэльнай зброі. Пры гэтым у краіне рэгіструецца вельмі мала злачынстваў, зьвязаных зь яго выкарыстаньнем. Масавая страляніна ў мячэцях у Крайстчэрчы 15 сакавіка, ахвярамі якой стаў 51 чалавек, аднак, прымусіла ўлады краіны перагледзець збройнае заканадаўства. Той, хто страляў — аўстраліец Брэнтан Тарант — валодаў паўаўтаматычнай вінтоўкай легальна.

У красавіку парлямэнт Новай Зэляндыі забараніў продаж прыватным асобам большасьці відаў аўтаматычнай і паўаўтаматычнай зброі. Акрамя продажу паўаўтаматычных вінтовак забаронена мадыфікаваць зброю для паскарэньня тэмпу страляніны. Акрамя таго, да продажу будуць забароненыя помпавыя драбавікі з магазынамі больш як на пяць патронаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG