Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ратуюць птушак і зьвяроў у цэнтры дапамогі дзікім жывёлам. ВІДЭА


Цяпер у цэнтры выратаваньня дзікіх жывёлаў «Сірын» жывуць каля 50 зьвяроў і птушак. Усіх птушак і зьвяроў, хто мае шанец на жыцьцё на прыродзе, падлечваюць і адпускаюць.

Нахабны янот Нафаня, які раней быў чыімсьці гадаванцам. Але яго ў пераносцы падкінулі ў прытулак для свойскіх жывёлаў. Палахлівая ліса Пудра, якую выкупілі са зьверафэрмы да таго, як яна стала камусьці футрам. Крумкач Квазымода з паламанымі крыламі. І хітры бусел, якога ўжо даўно выпусьцілі на свабоду, але ён завітвае час ад часу падкарміцца задарма. А таксама пару дзясяткаў іншых, каму нават і імёнаў не даюць.

«Навошта, яны ж ня нашы, яны дзікія», — тлумачыць кіраўніца цэнтру Ірына Траяноўская. Супрацоўніца ж цэнтру Настасься кажа, што так мо і прасьцей, тады не прывязваесься. І калі надыходзіць час адпусьціць жыхароў цэнтру на волю, то самім лягчэй.

Усіх птушак і зьвяроў, хто мае шанец на жыцьцё на прыродзе, падлечваюць і адпускаюць — здабываць сабе харчаваньне самім і жыць звычайным жыцьцём на волі.

«Мы яе забіраем. Я ж не магу стаяць і глядзець, як яна ляжыць і памірае. А потым выплочваем штрафы»

Ірына Траяноўская расказвае, што беларускае заканадаўства не дазваляе самім браць дзікіх жывёлаў з прыроды. На яе думку, гэта мо і ня кепска. Прынамсі мода забраць дадому лісічку ці саву без прычыны не павінна падтрымлівацца на дзяржаўным узроўні. Але ратаваць дзікіх жывёлаў з такімі правіламі становіцца няпроста.

Для гэтага, паводле закону, трэба пазваніць у МНС, пасьля чаго спэцыяльная камісія мае даць ацэнку, ці можна забіраць зьвяра ці птушку. У камісіях у розных раёнах уваходзяць розныя людзі: гэта і вэтэрынары, і эколягі, часам старшыні сельсаветаў... А ў іх бываюць выходныя, сьвяты, іншая праца...

«Нешта рацыянальнае ў гэтым ёсьць. Вось нясуць нам зайчанятак малых. А іх ня трэба было забіраць. Іхная мама бегала цэлы дзень, але вернецца. А людзі гадзіну пастаялі, паглядзелі — і давай забіраць-ратаваць».

Але з другога боку, супрацоўніцы «Сірын» расказваюць і іншыя сытуацыі. Калі камісіі едуць па 3-4 дні. Жывёлы за гэты час проста гінуць на вачах у людзей, якія ня могуць нічым дапамагчы. А хто дапамагае без дакумэнтаў, атрымлівае пасьля штрафы.

Неаднаразова плаціў іх і цэнтар «Сірын». Пры тым, што яны самі жывуць з ахвяраваньняў і невялікага заробку (жывёлаў часам здымаюць у фільмах і рэкляме).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG