Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве лічаць, што Ўсясьветны кангрэс украінцаў пагражае бясьпецы Расеі. У Кіеве пратэстуюць


Архіўнае фота. Былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас выступу на XI Сусьветным кангрэсе ўкраінцаў. Кіеў, 25 лістапада 2018 году
Архіўнае фота. Былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас выступу на XI Сусьветным кангрэсе ўкраінцаў. Кіеў, 25 лістапада 2018 году

Генэральная пракуратура Расейскай Фэдэрацыі прызнала непажаданай дзейнасьць на тэрыторыі Расеі міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Усясьветны кангрэс украінцаў», зарэгістраванай у Канадзе.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Генпракуратуры Расеі, «устаноўлена, што дзейнасьць гэтай арганізацыі пагражае асновам канстытуцыйнага ладу і бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі».

Адпаведная інфармацыя накіраваная ў Міністэрства юстыцыі Расеі для ўключэньня Ўсясьветнага кангрэсу ўкраінцаў у сьпіс замежных і міжнародных няўрадавых арганізацый, дзейнасьць якіх прызнана непажаданай на тэрыторыі Расеі.

У адказ на гэтае рашэньне Міністэрства замежных спраў Украіны выказала «рашучы пратэст»:

«Гэтае рашэньне яшчэ раз прадэманстравала нязьменнасьць рэпрэсіўнай палітыкі Расеі, накіраванай на ліквідацыю грамадзянскіх арганізацый украінскай меншасьці на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

З другога боку, нельга не радавацца таму, што няўрадавая арганізацыя ўкраінцаў, зарэгістраваная ў Канадзе, „стварае пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу і бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі“. Усясьветны кангрэс украінцаў заўсёды будзе пагрозай для Крамля, хоць мэтай гэтай арганізацыі зьяўляецца падтрымка ўкраінскай ідэнтычнасьці, рэабілітацыя ўкраінскіх параненых і цывільных асобаў, якія пацярпелі ад расейскай узброенай агрэсіі супраць Украіны, ажыцьцяўленьне адукацыйных праграм і ўкраінскага навучаньня за межамі Ўкраіны, а таксама захаваньне нацыянальнай памяці аб ахвярах Галадамору ва Ўкраіне ў 1932–1933 гадах».

У МЗС Украіны таксама заявілі аб гатоўнасьці адказаць «на гэтае ганебнае рашэньне дзяржавы-агрэсара» і заклікалі міжнародную супольнасьць разглядаць рашэньне Генэральнай пракуратуры Расеі як чарговае нахабнае парушэньне асноўных правоў чалавека, у тым ліку правоў украінскай меншасьці ў Расеі, і ўзмацніць дыпляматычны ціск на «злачынны рэжым Крамля».

Усясьветны кангрэс украінцаў — некамэрцыйная арганізацыя, якая створана ў 1967 годзе і аб’ядноўвае 20 мільёнаў украінцаў у 133 краінах сьвету. Згодна са статутам арганізацыі, галоўнай мэтай зьяўляецца наданьне дапамогі ўкраінскаму народу ў канкурэнцыі за свабоду і дзяржаўную незалежнасьць.

У 2003 годзе Ўсясьветны кангрэс украінцаў атрымаў асаблівы кансультатыўны статус пры Эканамічнай і сацыяльнай радзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG