Музыкаў іранскага рок-гурту Confess асудзілі на 14.5 года турмы паводле абвінавачаньняў у блюзьнерстве, паведамляе музычнае выданьне Loudwire.
Лідэра гурту Нікана Хаcраві таксама асудзілі на 74 удары бізуном.
Хаcраві і іншага ўдзельніка гурту, Араша Ільхані, арыштавалі ў 2015 годзе. За іх песьні — такія як «I’m Your God Now» (Я цяпер ваш Бог) і «Teh-Hell-Ran» (зьмяшэньне словаў «Тэгеран» і «пекла») музыкаў абвінавацілі ў блюзьнерстве і антыдзяржаўнай прапагандзе. Таксама паведамлялася, што адным з абвінавачаньняў супраць іх былі інтэрвію «забароненым» замежным радыёстанцыям.
У лютым 2016 году іх выпусьцілі пад грашовы заклад, і яны ўцяклі ў Турэччыну. Пазьней музыкі атрымалі прытулак у Нарвэгіі, дзе яны жывуць і цяпер.