Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік літоўскай групы «За дэмакратычную Беларусь» выбраны новым спэцдакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ


Лаўрынас Кашчунас, кіраўнік парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сойме Літвы
Лаўрынас Кашчунас, кіраўнік парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сойме Літвы

Лаўрынас Кашчунас, які ў парлямэнце Літвы ачольвае дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь», выбраны новым дакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па палітычных пытаньнях і бясьпецы.

Выбары прайшлі 8 ліпеня ў Люксэмбургу, дзе ў гэты дзень завяршылася штогадовая сэсія ПА АБСЭ. Пра гэта Свабодзе паведаміў сябра беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі, старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі.

Лаўрынас Кашчунас прадстаўляе партыю літоўскіх кансэрватараў, якая ўваходзіць у Эўрапейскую народную партыю. Статус назіральніка ў гэтай міжнароднай структуры ўжо каля 10 гадоў мае і Аб’яднаная грамадзянскай партыя. Яе былы лідэр Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Свабодзе выказаў спадзяваньне, што з выбраньнем Кашчунаса спэцдакладчыкам узьнікае магчымасьць вярнуць беларускую тэму ў парадак дня Парлямэнцкай асамблеі.

«Нагадаю, што два гады таму, калі Лаўрынас быў яшчэ шараговым дэпутатам асамблеі, а сэсія Парлямэнцкай асамблеі праходзіла ў Менску, ён ініцыяваў „беларускую рэзалюцыю“. Тады яе не ўключылі ў парадак дня, паколькі прапанова не набрала неабходнай колькасьці галасоў. Чаму б не вярнуцца да яе зноў праз год?» — кажа Анатоль Лябедзька.

Беларусь заклікала ПА АБСЭ ўзнавіць міжнародны дыялёг у пытаньнях бясьпекі

Валер Варанецкі падчас выступу на выніковым пленарным пасяджэньні ў Люксэмбургу падкрэсьліў «зацікаўленасьць Беларусі ў зьніжэньні напружанасьці, паглыбленьні ўзаемнага даверу, урэгуляваньні канфліктаў і, у канчатковым выніку, у фармаваньні надзейных мэханізмаў гарантаваньня рэгіянальнай бясьпекі на прасторы АБСЭ». У сувязі з гэтым ён прыцягнуў увагу Асамблеі да ініцыятывы кіраўніка беларускай дзяржавы — аднаўленьня маштабнага міжнароднага дыялёгу ў пытаньнях бясьпекі па аналёгіі з Хэльсынскім працэсам.

Завяршылася сэсія прыняцьцем выніковай дэклярацыі, у якую ўвайшла ініцыяваная беларускімі дэпутатамі рэзалюцыя «Стратэгічнае прагназаваньне ў галінах навукі, тэхналёгіяў і інавацыяў у мэтах устойлівага разьвіцьця».

Старшынём ПА АБСЭ перавыбралі парлямэнтара з Грузіі Георгія Цэрэтэлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG