Дырэктарам у Беларусі трэба абʼядноўвацца, у тым ліку для абароны кіраўнікоў у выпадках іх затрыманьня праваахоўнымі органамі, заявіў гендырэктар ААТ «Керамін» Аляксандар Яноўскі 4 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, паведамляе БелаПАН.
«Карпаратыўнасьці няма ня толькі сярод дырэктарскага корпусу. Нас многіх крыўдзяць. Саюзы і абʼяднаньні дырэктарскага корпусу неабходныя. Але я слаба ўяўляю, з кім сёньня можна скаапэравацца. Разьяднаньне дастаткова сурʼёзнае. Калі мы раней адзін аднаго ведалі, то цяпер кадры мяняюцца вельмі хутка», — сказаў Аляксандар Яноўскі на прэс-канфэрэнцыі ў Менску з нагоды ўручэньня прэміі «Чалавек справы», калі адказваў на пытаньне, чаму дырэктарскі корпус маўчыць і не заступаецца за сваіх калегаў, якіх даволі часта арыштоўваюць.
Паводле Яноўскага, шматлікіх дырэктараў, якія затрыманыя або адбываюць пакараньне, ён ведае дзесяцігодзьдзямі і ня верыць, што ў крымінальных справах, заведзеных на іх, усё абʼектыўна.
«Усе, каго я ведаю, гэта людзі ўжо досыць немаладыя. Галоўнае, што чалавек напрацоўвае, — гэта рэпутацыя, і ніякія грошы ня могуць кампэнсаваць страту рэпутацыі. Асабліва, калі нейкія сумы называюцца. Я гэтага не разумею. Я ня веру інфармацыі, што там усё абʼектыўна», — падкрэсьліў гендырэктар «Кераміну».
На яго думку, наглядныя і праваахоўныя органы «ўмеюць падаваць інфармацыю так, што потым доўга нешта даказваць». «Гадамі людзі сядзяць у сьледчым ізалятары. Калі ёсьць жывая інфармацыя, чаму гадамі трэба даказваць, што нешта адбылося? Я кажу за тых, каго ведаю», — сказаў Яноўскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў параўнаньні з заробкамі топ-мэнэджэраў у Расеі і Ўкраіне ў Беларусі заробкі ў дырэктараў на дзяржпрадпрыемствах невялікія, «нават не ў разы, а на парадак менш, калі нават казаць пра заробкі дырэктараў невялікіх прадпрыемстваў у суседніх краінах». «На гэтых заробках і ёсьць магчымасьць у некаторых структур знаходзіць слабасьць і ў нашых зьвёнах. Напэўна, гэта ёсьць», — падсумаваў Яноўскі.