Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзінскай турме ў вязьняў бязь іх згоды з рахункаў сьпісваюць грошы на «пагашэньне шкоды»


Ілюстрацыйнае фота

У Жодзінскай турме вязьні абурыліся дзейнасьцю адміністрацыі, якая вырашыла самастойна пагашаць пазовы да асуджаных, не пытаючы ў іх згоды, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Плятформа».

Як стала вядома «Плятформе», адміністрацыя жодзінскай турмы сыстэматычна самавольна здымае грошы з асабовых рахункаў асуджаных для пагашэньня шкоды, нанесенай ці самой турме, ці трэцім асобам.

Грошы з рахункаў асуджаных сьпісваюцца бяз іхнай згоды: не з заробкаў, а з сумаў, якія сваякі пералічваюць ім для набыцьця прадуктаў харчаваньня і прадметаў першай неабходнасьці.

Паводле арт. 85 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, асуджаны мае права як хоча распараджацца грашыма, якія знаходзяцца на ягоных асабовых рахунках. Безь ягонай згоды ніхто ня мае права распараджацца гэтымі сродкамі, —​ сьцьвярджаюць праваабаронцы.

Як паведамляюць сваякі асуджаных, адміністрацыя турмы адмаўляецца разглядаць іх скаргі з патрабаваньнем вярнуць незаконна сьпісаныя грошы. Паводле зьвестак «Плятформы», вязьні ня могуць паскардзіцца на дзеяньні адміністрацыі турмы, бо ўсе іх лісты са скаргамі праходзяць цэнзуру, хоць, паводле закону, заявы і скаргі асуджаных у наглядныя органы цэнзуры не падлягаюць і не пазьней як праз суткі мусяць накіроўвацца па прызначэньні.

У жодзінскай турме «Плятформе» гэтую інфармацыю камэнтаваць адмовіліся, проста кінулі слухаўку, пачуўшы, што зь імі хочуць пагутарыць праваабаронцы.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС таксама не змаглі пракамэнтаваць сытуацыю, бо ведамству патрэбен час для правядзеньня адпаведнай праверкі, але прынялі інфармацыю да ведама.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што такое распараджэньне чужымі грашыма бязь ведама іхных уладальнікаў зьяўляецца незаконным і можа быць кваліфікаванае паводле арт. 205 (Крадзеж) і арт. 426 (Перавышэньне службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG