Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пратэстуюць супраць тэлемоста з расейскім тэлеканалам


Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў Кіеве

Украінскія актывісты пачынаюць пікетаваць мясцовы тэлеканал Newsone, які плянуе 12 ліпеня правесьці тэлемост з расейскім тэлеканалам «Россия-24».

7 ліпеня вядоўца штотыднёвай праграмы расейскага тэлеканалу Дзьмітрый Кісялёў ананасаваў тэлемост «Трэба пагаварыць» з украінскімі калегамі. Тэлеканал Newsone уваходзіць у мэдыяхолдынг «Новини», які належыць Тарасу Козаку, паплечніку лідэра партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё!“», кума Ўладзіміра Пуціна Віктара Медзьведчука. У гэты холдынг таксама ўваходзяць яшчэ два тэлеканалы — «ZіK» і «112 Україна».

Адразу пасьля абвяшчэньня гэтых плянаў актывісты пачалі праз сацыяльныя сеткі заклікаць грамадзян да правядзеньня пратэсту «Хадзем на тэлемост».

«Такі папмэзны тэлемост, як яго праанансаваў прапагандыст Кісялёў, на чыіх руках кроў нявінных людзей, павінен быць яскравым. таму я адчуваю сваю адказнасьць за яскравасьць такіх праектаў. Хто хоча — далучайцеся! Хадзем на тэлемост», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook куратор недзяржаўнай плятформы TEDxKyiv Уладзіслаў Грэзеў.

Лідэр партыі «Нацыянальны корпус» Андрэй Білецкі назваў анансаваны тэлемост «інфармацыйным шабашам Крамля» і запатрабаваў ад прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага тэрміновага адэкватнага адказу:

«Галоўны твар крамлёўскай прапаганды анансуе тэлемост паміж Расеяй і Ўкраінай. Ад імя Ўкраіны гаварыць будуць марыянэткі Медзьведчука, якія існуюць на грошы Расеі. Мэта гэтай інфармацыйнай дывэрсіі відавочная. Праграма-максымум — сымбалічна паставіць Украіну ў прыніжальную позу раскаяньня і капітуляцыі перад сілай РФ, дабавіць Медзьведчуку балаў перад выбарамі. Праграма-мінімум, калі не атрымаецца, — паказаць, што мірныя ініцыятывы паміж Украінай і РФ зрываюць „фашысты“, і таксама яшчэ больш дадаць балаў Медзьведчуку перад выбарамі».

Зяленскі пакуль не адрэагаваў на гэтую заяву, але сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Данілюк у Facebook паведаміў, што ўжо займаецца вырашэньнем гэтага пытаньня.

«Трэба пагаварыць? Ну-ну... Параўноўваць гэтае непаразуменьне з тэлевізійным мостам ЗША — СССР у 1982 годзе, паміж рознымі ідэалёгіямі і прапагандысцкімі машынамі, — танная маніпуляцыя. Цяпер нам прапануецца „зьяднаць“ унутрыкрамлёўскую прапаганду зь яе філіялам у Кіеве і выдаюць гэта як „прарыў“ у стасунках паміж „брацкімі“ народамі. Прашу спыніць гістэрыку. Асабліва тых, хто ў апошнія гады з пазыцыі прэзыдэнта садзейнічаў умацаваньню пазыцый кума Пуціна Медзьведчука ва Ўкраіне. Тых, хто даў яму магчымасьць выступаць у якасьці перамоўніка, скупіць тэлеканалы на партнэрскіх умовах. Тых, хто на тых самых умовах дазволіў яму пабудаваць звышпрыбытковы энэргарэсурсны бізнэс. Было відавочна, што Медзьвядчук робіць гэта ня як хобі. Будаўніцтва незаконных „мастоў“ ужо робіцца спэцыялізацыяй Расеі».

«Мы як моцная краіна павінны рэагаваць упэўнена, бязь лішніх эмоцый і панікі. Бо менавіта на гэта і разьлічваюць. Колькасьць такіх правакацый толькі павялічыцца. Мы павінны трымаць галаву халоднай. Працуем над рашэньнямі», — заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG