Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Эўразьвязу: Мы падтрымліваем свабоду СМІ і незалежныя СМІ паўсюль


Фэдэрыка Магерыні

Эўрапейскі Зьвяз хоча бачыць Цэнтральную Азію «моцнай і стабільнай». Каб зрабіць гэта, павінны быць зроблены намаганьні па барацьбе зь беднасьцю і абароне правоў жанчын. Такое меркаваньне выказала падчас візыту ў сталіцу Кыргызстану вярхоўная прадстаўніца ЭЗ у пытаньнях вонкавай палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні.

Магерыні, адказваючы на пытаньні Радыё Свабода, сказала: «Важнай ўмовай падтрымкі [з боку Эўрапейскага Зьвязу] заўсёды зьяўляецца адкрытая прастора для сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасьці».

— Учора (6 ліпеня) Эўразьвяз парафіяваў дамоўленасьць аб партнэрстве з Кыргызстанам. Але як гэта будзе працаваць, калі былы прэзыдэнт і цяперашні прэзыдэнт пастаянна канфліктуюць адзін з адным і калі ў краіне няма палітычнай стабільнасьці?

— Гэтыя пагадненьні важныя, перш за ўсё, таму што яны дазваляюць мець трывалую прававую аснову для вельмі канкрэтных праектаў, якія выгадныя для грамадзян. Гэта заўсёды наша галоўная мэта. Але яны таксама дапамагаюць палітычна рэфармаваць краіну шляхам увядзеньня незалежнай судовай сыстэмы. Зноў жа, гэта доўгі працэс, але гэта працэс, які мы лічым неабходным суправаджаць і заахвочваць. І я лічу, што такія краіны як Кыргызстан зразумелі каштоўнасьць і даданую вартасьць інвэставаньня ў дэмакратыю.

— Вы таксама былі ў Туркмэністане, дзе вы падпісалі пагадненьне аб стварэньні ў Ашгабадзе дэлегацыі Эўрапейскага Зьвязу. Ці дапаможа гэта нейкім чынам адкрыць гэтую краіну, зрабіць яе крыху лепшай, калі гаворка ідзе пра правы чалавека?

— Перш за ўсё, той факт, у нас ёсьць дэлегацыі Эўрапейскага Зьвязу ва ўсіх чатырох іншых дзяржавах (Цэнтральнай Азіі). А паколькі Эўрапейскі Зьвяз склаў трывалыя партнэрскія адносіны, цеснае супрацоўніцтва з Цэнтральнай Азіяй у якасьці рэгіёну на працягу апошніх пяці гадоў, дык наяўнасьць дыпляматычных дэлегацый ва ўсіх пяці краінах (рэгіёну) дапамагае забясьпечыць бесьперапыннасьць нашай працы.

— Што тычыцца Таджыкістану, дык адно з пытаньняў, якое вы падымаеце, гэта свабода СМІ. Адным з мэтадаў, якія яны (улады краіны) выкарыстоўваюць вельмі часта, зьяўляецца спроба не акрэдытоўваць людзей. Напрыклад, нам (Радыё Свабода) пагражалі, што яны хочуць скараціць большую частку нашай дзейнасьці ў гэтай краіне. Ці можаце вы растлумачыць, якая падтрымка (з боку ЕС) існуе для радыё «Свабода Еўропа» ці іншых медыя-арганізацый, якія спрабуюць ажыцьцяўляць незалежнае вяшчаньне ў гэтых краінах, у прыватнасьці ў Таджыкістане.

— Мы падтрымліваем свабоду СМІ і незалежныя СМІ паўсюль. На ўзроўні сталіц мы абменьваемся інфармацыяй па асобных выпадках. І нашы суразмоўцы ва ўсіх гэтых пяці краінах — і я магу сказаць, што ва ўсім сьвеце — яны добра разумеюць, што важнай ўмовай падтрымкі [з боку Эўрапейскага Зьвязу] заўсёды зьяўляецца адкрытая прастора для сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасьці.

Мяне вельмі абнадзейвае тое, што ў гэтым годзе мы ўпершыню правялі сустрэчы на ўзроўні міністраў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці з Цэнтральнай Азіі, у тым ліку з прадстаўнікамі СМІ. Я лічу, што гэта пазытыўны знак таго, што міністры дамовіліся праводзіць такія сустрэчы на рэгулярнай аснове паралельна з сустрэчамі міністраў.

Зноў жа, гэта працэс. Часам гэта балючы працэс. Мы не хаваем таго, што існуюць цяжкасьці і ёсьць рознагалосьсі. Але наш падыход заключаецца ў стымуляваньні і, відавочна, падтрымцы асобных прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі або ў асобных выпадках, калі гэта неабходна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG