Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Ўкраіны папрасіла суд арыштаваць маёмасьць Юшчанкі у «справе Межыгор’я»


Віктар Юшчанка

Генэральная пракуратура Ўкраіны зьвярнулася ў Пячэрскі раённы суд Кіеву з хадайніцтвам аб арышце маёмасьці экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Ён праходзіць у справе аб дапамозе былому прэзыдэнту Віктару Януковічу ў завалоданьні рэзыдэнцыяй «Межыгорʼе».

Дата пасяджэньня яшчэ не прызначаная, паведамляе УНІАН.

«Гэта абавязак сьледчага ў справе, дзе паведамлена пра падазрэньні асобе па артыкуле, па якім прадугледжаняа канфіскацыя маёмасьці. Мы сабралі дадзеныя аб наяўнай маёмасьці, і сьледчы зьвярнуўся з хадайніцтвам у суд», — растлумачыў начальнік Упраўленьня спэцыяльных расьсьледаваньняў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны Сяргей Гарбацюк.

Справа ў дачыненьні да Юшчанкі была заведзеная ў пачатку чэрвеня сёлетняга году на падставе ч. 5 арт. 191 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («Прысваеньне, растрата маёмасьці або завалоданьне ім шляхам злоўжываньня службовым становішчам, учыненыя ў асабліва буйных памерах ці арганізаванай групай»).

Гаворка ідзе пра вывад зь дзяржаўнай уласнасьці ў 2007 годзе рэзыдэнцыі «Межыгорʼе», якой карыстаўся Януковіч. Сьледзтва лічыць, што Юшчанка мог быць у змове зь Януковічам, калі той быў прэмʼерам, і дапамог перавесьці «Межыгорʼе» з падпарадкаваньня Дзяржаўнаму кіраваньню справамі ў сфэру адказнасьці ўраду Ўкраіны, у выніку чаго ўкраінскай дзяржаве нібыта быў нанесены ўрон у 540 млн грыўняў ($ 19 млн ).

Урад пасьля гэтага перадаў рэзыдэнцыю ў статут дзяржпрадпрыемства «Надра Ўкраіны», а «Надра Ўкраіны» вывела «Межыгорʼе» зь дзяржаўнай уласнасьці на карысьць фіктыўнай данецкай фірмы.

Юшчанка адхіліў прадʼяўленыя яму абвінавачваньні і заявіў, што бачыць у справе палітычны падтэкст.

«Межыгорʼе» атрымала шырокую вядомасьць пасьля Майдану і ўцёкаў экс-прэзыдэнта Ўкраіны: у рэзыдэнцыі былі знойдзеныя дарагая вопратка і мноства прадметаў раскошы, уключаючы знакаміты «залаты батон» (срэбная люстра, карціна за 4 мільёны фунтаў, рэдкія старадаўнія кнігі, вазы)«.

Зь лютага 2014 тэрыторыя «Межыгорʼя» стала нацыянальным паркам і музэем карупцыі, дзе штогод бываюць мільёны ўкраінскіх і замежных турыстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG