Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Андрэй Хадановіч: Пераход з рускай мовы на беларускую — далікатная справа


Андрэй Хадановіч з Муркай. Фота: Марына Шода

Сёньня ў нас першая частка гутаркі з Андрэем Хадановічам, паэтам і перакладчыкам, літаратуразнаўцам і бардам, старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру у 2009—2017 гг.

Андрэя Хадановіча я засьпеў на стыпэндыі ў Польшчы — ён часова жыве ва Ўроцлаве і перакладае вершы польскіх паэтаў. А таксама рыхтуе да друку сваю найноўшую паэтычную кніжку.

Я плянаваў, што галоўнай тэмай нашай размовы будзе паэзія і дачыненьні майго суразмоўніка да яе. Але потым мы зачапілі тэму перакладаў, і атрымалася фактычна другая асноўная тэма. Таму я вырашыў разьдзяліць нашу гутарку на дзьве часткі. Другая частка — праз тыдзень.

Поўная гутарка ў аўдыёфайле. А тэкстам — толькі яе пункціры.

Пра пераход з рускай на беларускую — агульна

«Гэта вельмі далікатная тэрыторыя — пераход на іншую мову. Ён зьвязаны зь нейкім сумленьнем, з унутраным камфортам і дыскамфортам. Найбольш у жыцьці мяне раздражняе вось такая лабавая недалікатнасьць, калі гаворка ідзе пра моўнае пытаньне. Напрыклад, рэцэнзія: Ой, цудоўныя вершы! Які ж ты, хлопча, таленавіты! Каб жа яшчэ гэтае і па-беларуску.

Я чуў у 1990-я, калі чытаў па-расейску, шмат такіх водгукаў. Яны нічога акрамя азлобленасьці, жаданьня агрызнуцца і зрабіць наадварот не выклікалі. Мне здаецца, гэта абсалютна бясплённы шлях».

Андрэй Хадановіч. Фота: Тацьцяна Заміроўская
Андрэй Хадановіч. Фота: Тацьцяна Заміроўская

Пра пераход з рускай на беларускую — асабіста

«Можа быць, самым выразным момантам гэтага пераходу было, калі я засьпеў Юрася Бушлякова за працай над беларускімі перакладамі Чэслава Мілаша, да якога я прыглядаўся як перакладчык на рускую ў тыя часы. Юрась захоплена і апантана працаваў, але мне здавалася, што нешта там не выходзіла з паэтычнага гледзішча. І я проста прапанаваў сваю дапамогу.

Мне бракавала запасу словаў, але я казаў: нешта тут стылістычна ня тое, можа быць, іншае слова ўклеіш. Альбо: нешта тут у рытм не складаецца, давай гэтыя тры-чатыры словы памяняем месцамі, а раптам яно зайграе. І вось так незаўважна, спадар Юрась, дарагі Юрась, мяне на гэта падсадзіў. Потым зьявілася публікацыя ў часопісе „Крыніца“, дзе вось нашыя пераклады былі пазначаныя ў суаўтарстве».

Андрэй Хадановіч. Фота: Курт Вулхайзэр
Андрэй Хадановіч. Фота: Курт Вулхайзэр

Хто больш «народны» — Някляеў ці Мартысевіч?

«Уладзімер Някляеў ці Марыя Мартысевіч, якіх вы згадалі? Відаць, [вы мелі на ўвазе, ці зьяўляюцца яны] чыімсьці сумленьнем ці голасам, ці скажам мякчэй, лідэрамі меркаваньняў? Прасьцей казаць пра іх шматаблічнасьць. Уладзімер Някляеў мае іпастась палітыка і грамадзкага дзеяча. І тут прасьцей выконваць такія функцыі. Марыя Мартысевіч — пасьпяховая вострая блогерка, і гэта таксама форма нейкай грамадзкай дзейнасьці. Відаць, гэта дапамагае абаім быць рупарам чагосьці.

Але разам з тым яны абое сапраўды не саромеюцца пэўнай сацыяльнай і палітычнай, хоць і вельмі адрознай, ангажаванасьці. Добра гэта ці кепска? Мне гэта збольшага падабаецца. Але процьму таленту і густу ад іх патрабуе якраз балянсіроўка на мяжы з пэўным кічам, каб яе не перакрочыць».

Марына Шода, Андрэй Хадановіч. Фота: Раса Рыміцкайце
Марына Шода, Андрэй Хадановіч. Фота: Раса Рыміцкайце

А сам Хадановіч?

«Мне заўсёды хацелася, каб тое, што я раблю, неяк адпавядала майму бачаньню сьвету, майму бачаньню часу. Мне б хацелася рэагаваць на тыя зьмены, якія адбываюцца навокал і закранаюць перад усім мяне. Мне, як чалавеку схільнаму крышачку да інфантыльнасьці, скажам, вось гэты момант першага моцнага дотыку зьдзіўленьня сьветам і пэўнымі яго зьявамі вельмі ў паэзіі адпавядае. (…)

Калі гэта супадае з настроем іншых людзей, калі я расказваю нібыта сваю гісторыю, але яна закранае кагосьці яшчэ, і гэтых людзей раптам аказваецца ня так і мала, — гэта блізка не народнасьць, але мяне цешыць, што гэта можа камусьці падняць настрой, кагосьці ўсьцешыць, а кагосьці падштурхнуць да прачытаньня яшчэ адной кніжкі».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG