Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа зрабіць нас на 30 гадоў маладзейшымі


Цягліцы пажылых мужчын і жанчын, якія трэнуюцца на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў, мала адрозьніваюцца ад здаровых 25-гадовых людзей.

Пра гэта ў газэце The New York Times піша яе сталая аўтарка Грэтхэн Рэйналдз.

Новае дасьледаваньне

Уплыву фізычных практыкаваньняў на стан цягліц пажылых людзей было прысьвечана новае дасьледаваньне, з вынікамі якога чытачоў знаёміць газэта.

Дасьледаваньне ахапіла фізычна актыўных людзей, чый узрост перавышае 70 гадоў. Гэтыя мужчыны і жанчыны мелі ня толькі лепшы стан цягліц у параўнаньні са сваімі пасіўнымі аднагодкамі, але і лепшыя аэробныя кандыцыі.

Агулам навукоўцы зрабілі выснову, што 70-гадовыя прыхільнікі фізычнай актыўнасьці біялягічна на 30 гадоў маладзейшыя.

Ці незваротныя наступствы старэньня

Вядома, усе людзі старэюць. І, зразумела, усе зацікаўленыя ў тым, каб запаволіць гэты працэс і зрабіць такія яго дрэнныя наступствы, як хваробы, нямогласьць і залежнасьць, менш адчувальнымі і менш непазьбежнымі.

Папраўдзе, піша Грэтхэн Рэйналдз, навука дагэтуль ня ведае дакладна, ці гэтыя дрэнныя наступствы старэньня зьяўляюцца непазьбежнымі, або ў значнай ступені яны зьяўляюцца вынікам нашага ладу жыцьця і паддаюцца карэкцыі.

Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што пажылыя спартоўцы маюць больш здаровыя цягліцы, мозг, імунную сыстэму і сэрца, чым людзі таго ж узросту, якія вядуць маларухомы лад жыцьця.

Але гэтыя дасьледаваньні былі сканцэнтраваныя на сапраўдных спартоўцах.

Вынікі новага дасьледаваньня

Калектыў навукоўцаў з унівэрсытэту ў горадзе Мансі (штат Індыяна, ЗША) вырашыў засяродзіцца на звычайных людзях, якія проста вядуць актыўны лад жыцьця — рэгулярна плаваюць, бегаюць, езьдзяць на ровары або займаюцца іншымі відамі фізычнай актыўнасьці.

Вынікі гэтага новага дасьледаваньня былі апублікаваныя ў жніўні сёлета ў The Journal of Applied Physiology.

Пры дапамозе разьмешчаных у розных сродках масавай інфармацыі абвестак, навукоўцы знайшлі некалькі дзясяткаў мужчын і жанчын, якія апошнія 50 гадоў займаліся вышэйзгаданымі відамі фізычнай актыўнасьці.

Таксама была набраная аднолькавая колькасьцю група пажылых людзей, якія вялі звычайны лад жыцьця, без фізычных практыкаваньняў. Трэцюю групу ўдзельнікаў склалі маладыя людзі ва ўзросьце каля 20 гадоў.

Навукоўцы вывучалі тканкі цягліц, колькасьць і стан капіляраў ды іншыя парамэтры цяглічнай і сардэчна-судзістай сыстэмаў. Таксама яны ўдзялілі ўвагу аэробным здольнасьцям удзельнікаў экспэрымэнту.

Чакалася, што найлепшыя вынікі пакажуць маладыя людзі, затым актыўныя старыя, а на трэцім месцы будуць пасіўныя пажылыя людзі. Рэальнасьць, аднак, выявілася іншаю.

Цягліцы фізычна актыўных пажылых людзей мала чым адрозьніваліся ад маладых — у іх было столькі ж капіляраў і фэрмэнтаў. Аэробная актыўнасьць гэтай групы была меншаю, чым у маладых, але на 40 адсоткаў вышэйшая, чым у пасіўных пажылых.

30 гадоў як не было

І вось якраз з аэробнай актыўнасьцю зьвязана ключавая выснова аўтараў дасьледаваньня.

Яны параўналі гэты парамэтар актыўных пажылых людзей з агульнапрынятымі ў мэдыцыне нормамі для розных узростаў і прыйшлі да высновы, што актыўныя 70-гадовыя людзі біялягічна на 30 гадоў маладзейшыя за свой узрост.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што не кантралявалі некаторыя іншыя парамэтры, такія, напрыклад, як цяглічная маса. Яны зьбіраюцца зрабіць гэта ў будучыні. Таксама ў будучыні будзе зьвернутая ўвага на час пачатку фізычна актыўнага ладу жыцьця і яго ўплыў на здароўе ў старасьці.

Тым ня менш ужо цяпер ясна, што фізычныя практыкаваньні могуць ствараць запас добрага здароўя, які дапаможа процістаяць нягодам у старасьці.

(Першая публікацыя 22 лістапада 2018 году)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG