Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал у Польшчы: IKEA звольніла працаўніка за выказваньне супраць гомасэксуалізму і «іншых адхіленьняў»


Cутычкі актывістаў праварадыкальных арганізацый з паліцыяй у Любліне падчас першага ў горадзе «параду роўнасьці» ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці, сакавік 2018
Cутычкі актывістаў праварадыкальных арганізацый з паліцыяй у Любліне падчас першага ў горадзе «параду роўнасьці» ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці, сакавік 2018

Міністар юстыцыі і генэральны пракурор Польшчы Зьбігнеў Зёбра распарадзіўся правесьці праверку звальненьня працаўніка швэдзкага канцэрну IKEA, які ва ўнутранай інфармацыйнай сетцы кампаніі зрабіў агрэсіўны камэнтар у адрас ЛГБТ-супольнасьці.

Як паведамляюць польскія СМІ, на мінулым тыдні IKEA звольніла прадаўца Томаша К., які пад артыкулам у інтранэце канцэрну пакінуў наступны камэнтар:

«Ухваленьне і прасоўваньне гомасэксуалізму і іншых адхіленьняў — гэта сеяньне разбэшчанасьці».

Згаданы артыкул, які меў назву «Уключэньне ЛГБТ+ — абавязак кожнага з нас», датычыў талерантнасьці ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці ды даваў практычныя парады, як рэагаваць на праявы гамафобіі.

Тамаш К. у сваім камэнтары прывёў яшчэ дзьве цытаты зь Бібліі. Адна зь іх:

«Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх». (Трэцяя кніга Майсеева)

Gazeta Wyborcza напісала, што ў сваёй заяве ў сувязі са звальненьнем IKEA адзначае, што Томаш К. працытаваў «словы Старога Запавету пра сьмерць і кроў у кантэксьце таго, які лёс павінен напаткаць гомасэксуальныя асобы» і што гэтыя словы ўсхвалявалі шмат каго з працаўнікоў. «Ня погляды былі праблемай, але спосаб, у які было выказанае меркаваньне і які выключыў іншыя асобы», — гаворыцца ў заяве канцэрну пра прычыну звальненьня.

Тым часам у Міністэрстве юстыцыі Польшчы лічаць, што працаўніка звольнілі за выказваньне ягоных поглядаў.

«Фірма, якая абстаўляе мэбляй кватэры і дамы палякаў, ня можа перастаўляць нашай сыстэмы каштоўнасьцяў і выкідаць працаўніка за тое, што ён цытуе Біблію», — сказаў прэсавы прадстаўнік міністэрства, тлумачачы, чаму міністар Зёбра распарадзіўся правесьці сьледзтва ў гэтай справе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG