Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве арыштавалі кватэру сына былога кіраўніка беларускага вайсковага заводу


Фота ©Shutterstock

Суд у Кіеве на запатрабаваньне Сьледчага камітэту Беларусі арыштаваў кватэру, якую «за карупцыйныя грошы» купіў сын былога генэральнага дырэктара ААТ «Агат — электрамэханічны завод» Віктара Прыёмкі.

Паводле судовага рашэньня, Віктар Прыёмка далучаў сына, каб паэтапна атрымаць 60 тысяч даляраў за пастаўку расейскай кампаніі «SF Technologies» праз кіпрскую кампанію «CF Technologies LTD» 8 адзінак мэталаапрацоўчага асталяваньня Doosan на амаль 4 мільёны даляраў. Грошы за заключэньне кантракту перадаваліся ў некалькі этапаў у Менску і ў Маскве.

Віктара Прыёмку затрымалі ў лютым 2012 году праз падазрэньне ў карупцыі. Ягонага сына затрымалі ў Менску ў кастрычніку 2016 году ў часе атрыманьня апошняга «траншу» памерам 13 тысяч даляраў. На выпадак затрыманьня была распрацаваная вэрсія, што гэтыя грошы пазычаныя. Кватэру ў Кіеве ён набыў у верасьні 2016 году за 27 тысяч даляраў.

Кватэра арыштаваная як «доказ злачынства, які мусіць быць канфіскаваны».

Летась у студзені Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што дасудовае сьледзтва ў справе Віктара Прыёмкі завершанае, яна перададзеная ў суд. Мяркуючы па рашэньні ўкраінскага суду, вырак яшчэ не абвешчаны. Абодвум фігурантам справы выстаўленыя абвінавачаньні ў атрыманьні хабару, адмываньні сродкаў, атрыманых незаконным шляхам, і садзейнічаньні хабарніцтву.

Электрамэханічны завод «Агат» знаходзіцца ў складзе Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту і ўваходзіць у склад холдынгу «Агат— сыстэмы кіраваньня». Прадпрыемства спэцыялізуецца на вытворчасьці спэцыяльнай тэхнікі для патрэб Міністэрства абароны. Вырабляе мабільныя аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня ўсіх зьвёнаў вайсковага кіраваньня, мабільныя вузлы сувязі, радыёрэлейныя станцыі ды іншыя вырабы спэцыяльнага прызначэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG