Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элтан Джон абвінаваціў Пуціна ў крывадушнасьці за ягоны камэнтар пра жыцьцё ЛГБТ у Расеі


Брытанскі сьпявак Элтан Джон абвінаваціў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў двудушнасьці за ягоныя словы пра жыцьцё ЛГБТ-супольнасьці ў Расеі. Зварот ён апублікаваў у сваім Інстаграме.

«Я бачу двудушнасьць у вашых словах пра тое, што вы хочаце, каб члены ЛГБТ-супольнасьці „былі шчасьлівыя“ і што „ў нас няма праблем з гэтым“. Нядаўна расейскія пракатчыкі вырашылі цэнзураваць мой фільм „Рокетмэн", выдаліўшы зь яго ўсе згадкі пра тое, што я здабыў сапраўднае шчасьце ў 25-гадовых адносінах са [сваім мужам] Дэвідам і што мы выхоўваем двух выдатных сыноў. Мне здаецца, гэта крывадушнасьць.

Я ганаруся, што жыву ў той частцы сьвету, дзе нашы ўрады эвалюцыянавалі, каб прызнаць за чалавекам ўнівэрсальнае права любіць таго, каго ён хоча», — напісаў музыка.

Так музыка адрэагаваў на інтэрвію Ўладзіміра Пуціна газэце Financial Times, у якім, распавядаючы пра састарэлыя, на яго погляд, лібэральныя каштоўнасьці, Пуцін адзначыў, што «мы нічога ня маем супраць людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі».

29 чэрвеня Пуцін на прэс-канфэрэнцыі ў Осацы пракамэнтаваў зварот Элтана Джона. Ён заявіў, што, на яго думку, музыка памыляецца. «У нас, сапраўды, вельмі роўнае стаўленьне да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці», — цытуе Пуціна «Інтэрфакс».

«Я ўжо казаў у інтэрвію — пяць ці шэсьць палоў ужо напрыдумлялі, я ўжо нават не разумею, што гэта такое, — сказаў Пуцін. — Трэба паважаць усіх — гэта праўда. Але нельга сілавым мэтадам навязваць свой пункт гледжаньня».

Пракатчык расейскай вэрсіі біяграфічнага фільма пра Элтана Джона «Рокетмэн» выдаліў з карціны сцэны аднаполага сэксу, пацалункаў і інфармацыю аб тым, што Элтан Джон знаходзіцца ў аднаполым шлюбе і шчасьлівы ў ім. Элтан Джон асудзіў цэнзуру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG