Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы спэцпракурор ЗША Мюлер выступіць на слуханьнях у Кангрэсе, але недабраахвотна


Робэрт Мюлер
Робэрт Мюлер

Роберт Мюлер, які ўзначальваў расьсьледаваньне расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары і магчымыя сувязі людзей зь перадвыбарнага штабу Дональда Трампа з прадстаўнікамі Масквы, дасьць паказаньні на слуханьнях у камітэтах па судовых справах і па справах выведкі палаты прадстаўнікоў ЗША. Слуханьні пройдуць 17 ліпеня і будуць публічнымі.

Прадстаўнікі двух камітэтаў паведамілі, што былы спэцыяльны пракурор абвясьціў пра гатоўнасьць даць паказаньні пасьля атрыманьня афіцыйных позваў з патрабаваньнем зьявіцца на пасяджэньні. «Амэрыканцы запатрабавалі, каб спэцыяльны пракурор выступіў і растлумачыў, што ягоная каманда расьсьледавала, выявіла і вызначыла адносна расейскіх нападаў на нашу дэмакратыю», — гаворыцца ў заяве кіраўнікоў двух камітэтаў.

У справаздачы спэцыяльнага пракурора, апублікаванай два месяцы таму, прыведзены шматлікія дадзеныя ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскі выбарчы працэс, аднак у выніку расьсьледаваньня не было выяўлена прыкмет змовы людзей з атачэньня Трампа з расейскімі прадстаўнікамі. Адначасова спэцыяльны пракурор адмовіўся зрабіць выснову аб тым, ці перашкаджаў прэзыдэнт Трамп расьсьледаваньню. Крытыкі Дональда Трампа, сярод якіх кіраўніцтва палаты прадстаўнікоў, большасьць у якой належыць дэмакратам, лічаць, што прэзыдэнт перашкаджаў правасудзьдзю, то бок парушыў закон. Яны спадзяюцца, што былы спэцыяльны пракурор пацьвердзіць гэты пункт гледжаньня.

Сам Робэрт Мюлер не хацеў добраахвотна выступаць на слуханьнях. Ён папярэдзіў, што ў сваіх адказах ён ня выйдзе за межы высноваў, зробленых у яго справаздачы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG