Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайская кампанія Nongfu Spring разглядае магчымасьць вытворчасьці касмэтыкі на беларускім бярозавіку


Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, пра гэта падчас сустрэчы ў міністэрстве заявіла дырэктарка дэпартамэнту закупак адной з найбуйнейшых кітайскіх кампаній Nongfu Spring Чжэн Сяахун.

Паводле яе слоў, гэтыя сродкі сёньня карыстаюцца попытам ня толькі ў Кітаі, але і ў Японіі. Каб задаволіць попыт, кампанія плянуе адкрыць новы завод. Пры гэтым для забесьпячэньня бесьперабойнай вытворчасьці касмэтыкі кітайскаму бізнэсу неабходныя вялікія аб’ёмы бярозавага соку.

Начальнік упраўленьня вытворчасьці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгасу Андрэй Мацкевіч паінфармаваў кітайскіх бізнэсоўцаў, што сёлета лясгасы нарыхтавалі больш за 17 тысяч тон соку. Яго рэалізацыя адбывалася як на ўнутраным, так і на вонкавым рынках. Штопраўда, на экспарт бярозавік пастаўляўся ў найбліжэйшыя краіны.

«Мы разумеем, што бярозавік — напой, які хутка страчвае карысныя ўласьцівасьці. Каб транспартаваць яго на такія далёкія адлегласьці, неабходна, перш за ўсё, прадумаць, як захаваць гэтыя ўласьцівасьці. Сьвежанарыхтаваны бярозавы сок захоўваецца, як правіла, ня больш за двое сутак. Разам з тым кітайскі рынак нам, безумоўна, цікавы», — падкрэсьліў Мацкевіч.

Кіраўнік профільнай управы таксама адзначыў, што лясгасы Беларусі могуць павялічыць аб’ёмы нарыхтоўкі соку. Яны сёньня рэгулююцца, перш за ўсё, спажывецкім попытам. Таму «лясгасы заўсёды адкрытыя да новых прапановаў, асабліва з боку замежных кампаній».

  • Nongfu Spring утвораная ў 1996 годзе, яна зьяўляецца даччынай кампаніяй кітайскай карпарацыі Yang Sheng Tang Group — высокатэхналягічнага прадпрыемства па вытворчасьці і продажы прадуктаў для здароўя.
  • Ключавы напрамак дзейнасьці Nongfu Spring — рэалізацыя прыроднай пітной вады, сокаў з садавіны і гародніны, напояў спэцыяльнага прызначэньня, напояў на аснове гарбаты і іншых відаў напояў.
  • Кампанія займае першае месца на кітайскім рынку бутыляванай вады, штогадовы аб’ём продажаў якой перавышае 10 млрд юаняў. Сетка продажаў кампаніі дзейнічае ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG