Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На недахоп турыстаў не наракаем». Кракаў можа адмовіцца ад Эўрагульняў-2023


Галоўная рынкавая плошча ў Кракаве

Наступныя Эўрапейскія гульні ў 2023 годзе павінны адбыцца ў Кракаве. Урад у Варшаве ня ўтойвае радасьці, а мэр Кракава адкрыта кажа, што ягоны горад не прасіў праводзіць гэтую імпрэзу. Мясцовыя актывісты гатовыя правесьці рэфэрэндум.

У 2014 годзе жыхары гораду ўжо бралі ўдзел у падобным рэфэрэндуме. Тады яны вырашалі лёс заяўкі Польшчы на зімовую Алімпіяду 2022 году. Яе таксама зьбіраліся праводзіць у Кракаве. 70% жыхароў гораду з тых, якія прагаласавалі, былі супраць.

«Рашэньне аб прызнаньні нам права на правядзеньне Эўрагульняў ня мае ніякага значэньня. Ад яго заўсёды можна адмовіцца. Так ужо зрабілі галяндцы. Спачатку мы паглядзім на бюджэт, а потым будзем вырашаць наконт рэфэрэндуму. Калі жыхары гораду будуць супраць, то ўлады будуць вымушаныя яму падпарадкавацца», — сказаў адзін з арганізатараў рэфэрэндуму супраць Алімпіяды Томаш Лесьняк у інтэрвію выданьню Gazeta Krakowska.

Правядзеньне Эўрагульняў у Кракаве падтрымлівае ўрад «Права і Справядлівасьці». Але менш энтузіязму ў мясцовых уладаў. Мэр Кракава Яцак Майхроўскі і ягонае атачэньне абвясьцілі, што калі ўрад не пакрые ўсіх выдаткаў на арганізацыю Эўрагульняў, то горад ня дасьць на імпрэзу ані гроша.

У інтэрвію штодзёнцы Gazeta Wyborcza Майхроўскі заявіў, што горад Кракаў не падаваў заяўку на правядзеньне гульняў і ў гэты момант чакае ад Варшавы і Польскага алімпійскага камітэту дэталяў наконт фінансаў.

«Мы не дапусьцім такой сытуацыі, калі ў Кракаў прыедзе 12 тысяч чалавек, а мы будзем вымушаныя плаціць за іхнае знаходжаньне. А словы пра тое, што Кракаў атрымае ад гэтага рэклямную карысьць — гэта перабор. Мы не наракаем на недахоп турыстаў».

Яцак Майхроўскі
Яцак Майхроўскі

У Польшчы мэры гарадоў не прызначаюцца, як у Беларусі, а выбіраюцца на выбарах. Цяперашні прэзыдэнт Кракава знаходзіцца ў апазыцыі да ўраду кансэрватыўнага ўраду партыі «Права і справядлівасьць» і не падпарадкоўваецца загадам з Варшавы.

Эўрагульні ў Кракаве раскрытыкаваў і дэпутат «Грамадзянскай плятформы» Гжэгаж Ліпец. Ён напісаў у сацыяльных сетках, што «Эўрагульні ня маюць ніякага спартовага прэстыжу» і «на іх няма нават валейболу і футболу». Дэпутатка кракаўскага самакіраваньня Малгажата Янтан абураная, што рашэньне правесьці Эўрагульні ў Кракаве прымалася без удзелу гарадзкіх уладаў і нагадала ўраду ў Варшаве, што такое рашэньне могуць прыняць толькі мэр гораду і гарадзкая рада.

Першыя Эўрагульні ў Баку ў 2015 годзе каштавалі 1,2 млрд даляраў. У Беларусі гаворыцца пра 50 мільёнаў, паколькі большасьць інфраструктуры ўжо была гатовая. Кракаў выйграў права на правядзеньне гульняў у 2023 годзе, бо быў адзіным кандыдатам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG