Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі і душылі», — анархіст Францкевіч пра тое, як яго дэпартавалі з Украіны


Аляксандар Францкевіч

Былы беларускі палівязень Аляксандар Францкевіч расказаў Свабодзе, за што яго дэпартавалі з Украіны і як гэта адбывалася.

У ноч на 19 чэрвеня ў Кіеве супрацоўнікамі СБУ быў затрыманы грамадзянін Беларусі, былы палітвязень, анархіст Аляксандар Францкевіч і раніцай дэпартаваны ў Беларусь.

Карэспандэнт Свабоды сустрэў Францкевіча на менскім вакзале, куды ён прыбыў з Гомля.

«Дзейнасьць супярэчыць інтарэсам гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны»

Францкевіч паведаміў, што 18 чэрвеня ў 17 гадзін ён прыйшоў у офіс Цэнтральнай міграцыйнай службы па пасьведчаньне аб працягу на год віду на жыхарства:

«Супрацоўніца архіва выдала дакумэнт, я расьпісаўся, а на выхадзе мяне затрымалі. Сказалі, што супрацоўнікі СБУ, але прозьвішчаў не назвалі. Паказалі мне дакумэнт — «Рашэньне на прымусовую дэпартацыю», паводле якога на 3 гады мяне выдвараюць з Украіны за тое, што мая дзейнасьць нібыта «супярэчыць інтарэсам гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны».

Рашэньне аб дэпартацыі
Рашэньне аб дэпартацыі

Паводле Францкевіча, яго запхнулі ў аўтамабіль і павезьлі да беларускай мяжы.

«Па дарозе мяне сама меней тройчы білі: за тое, што ўпіраўся, не хацеў зь імі ісьці, за тое, што адмовіўся разблякаваць тэлефон. Гэты тэлефон у выніку проста забралі і на мяжы мне не вярнулі. Ужо ноччу прывезьлі да беларускай мяжы, непадалёк ад месца, дзе сыходзяцца тры краіны, зьнялі кайданкі, аддалі пашпарт і сказалі ісьці ў Беларусь», — кажа Францкевіч.

Беларускія памежнікі праверылі ягоны пашпарт і ўпусьцілі ў краіну, а міліцыянты давезьлі да чыгуначнай станцыі.

«Білі адчувальна, рабілі прыёмы ўдушэньня»

​З рэчаў у Аляксандра Францкевіча толькі невялікі гаманец на поясе, у якім пашпарт, рашэньне аб дэпартацыі і 50 даляраў.

«Нібыта прадбачыў нешта, захапіў з сабой. Так бы зусім быў бяз грошай», — разводзіць рукамі Аляксандар.

Ён кажа, што супрацоўнікі СБУ парушылі закон Украіны, калі так прымусова і хутка прывезьлі яго да мяжы.

«Справа ў тым, я ім заявіў, што зьбіраюся падаць заяву на прыстанішча як уцякач. У такім выпадку мяне мусілі прывезьці ў паліцыю, дзе я б напісаў адпаведную заяву, у мяне б забралі пашпарт, выдалі даведку, а там бы далейшы мой лёс вырашаў суд. Але так не зрабілі, а на мае пратэсты адказалі кулакамі. Білі адчувальна, яшчэ рабілі прыёмы ўдушэньня. Карацей, як наш АМАП».

Аляксандар не выключае «наводкі», што яго маглі выслаць на замову беларускіх спецслужбаў.

«Мне праз „Тэлеграм“ прыходзілі зь Беларусі пагрозы, што хутка выдвараць на радзіму. Пры гэтым і самі супрацоўнікі СБУ казалі, што я зьвязаны з украінскім анархістамі, што некаму даваў начлег. І што, хіба прытуліць чалавека на ноч — гэта забаронена? Але дакладная прычына мне невядомая, лічу, што гэтае выдварэньне неадэкватнае маім учынкам. Так, я застаўся ў поглядах анархістам, але ні ў якіх незаконных справах ня ўдзельнічаў. Таксама я ня браў удзелу ў баях на Данбасе», — кажа Аляксандар Францкевіч.

«Буду падаваць у Эўрапейскі суд правоў чалавека»

Былы беларускі палітвязень сказаў, што паспрабуе аспрэчыць сваю дэпартацыю ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека.

«Тое, што Беларусь ня сябра Рады Эўропы, у маёй справе ня мае значэньня, бо пазваная — Украіна, а яна падпісла ўсе адпаведныя дакумэнты і мусіць адказваць за такое беззаконьне», — мяркуе Францкевіч.

Пры гэтым Аляксандар Францкевіч ня думае, што падпаў пад дэпартацыю ў сувязі з унутранай палітыкай новага прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага.

Чым будзе займацца ў Беларусі, Аляксандар пакуль ня ведае.

«Я праграміст, мая праца зьвязаная з кампутарамі, але калі бясконца праводзяць ператрусы, як было тут, і арыштоўваюць тэхніку, дык працаваць немагчыма. Таму ня ведаю, дзе апынуся ў выніку. Пакуль еду да мамы ў Наваполацак», — сказаў Аляксандар Францкевіч.

Зь Менску ў Наваполацак былы палітвязень без праблем выехаў на маршрутцы. На менскім вакзале супрацоўнікі міліцыі да яго не падыходзілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG