Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грэнляндыі дасьледнік сфатаграфаваў рэкорднае раставаньне лёду


Ледзяное покрыва ў Грэнляндыі яшчэ ніколі ў гісторыі назіраньня за тэмпэратурай не раставала так хутка ў гэтую пару года. Наступства высокай тэмпэратуры сфатаграфаваў дацкі дасьледнік клімату.

На мінулым тыдні на паўночным захадзе выспы зафіксавалі плюсавую тэмпэратуру 15-17 градусаў Цэльсія. Сярэдняя тэмпэратура ў гэтыя дні там была нават шэсьць або і больш градусаў вышэйшай за норму.

Наступства гэтай анамаліі відаць на здымках, якія падчас працы зрабіў Стэфэн Ульсэн з Дацкага мэтэаралягічнага інстытуту. Ён хацеў забраць абсталяваньне, якое ўзімку разьмясьціў у замёрзлай затоцы. На месца ён хацеў даехаць на сабачай запрэжцы. Але аказалася, што лёд растае так інтэнсіўна, што покрыва было залітае вадою. Дасьледнік зафіксаваў гэта на здымку.

На мінулым тыдні растала каля 45% грэнляндзкага лёду. Звычайна гэта адбываецца позьнім летам. Упершыню за гісторыю назіраньня ледзяное покрыве растае так рана.

У красавіку і траўні амаль на ўсім востраве тэмпэратуры былі вышэйшыя за норму, чым далей на поўнач, тым больш. На вялікай частцы вострава яна была нават на 4-5 градусаў вышэйшай за сярэднюю.

Стэфэн Ульсэн зьвярнуў увагу на тое, што ранейшае раставаньне лёду – гэта вялікая перашкода для карэннага насельніцтва Грэнляндыі. Жыхары карыстаюцца ледзяным покрывам для транспарту, паляваньня і рыбалоўства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG