Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анамальная сьпёка: 13 дзён запар у Беларусі абнаўляліся тэмпэратурныя рэкорды


Ілюстрацыйнае фота

Трынаццаць дзён запар (з 4 па 16 чэрвеня) у шэрагу гарадоў Беларусі, уключаючы Менск, абнаўляліся тэмпэратурныя рэкорды месяца за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў, паведамляе БелаПАН.

Самым гарачым днём было 12 чэрвеня — у Жлобіне паветра прагрэлася да 34,7 градуса. Да паўтарэньня абсалютнага рэкорду першага летняга месяца для ўсёй тэрыторыі Беларусі не хапіла 0,9 градуса (23 чэрвеня 1964 году ў Беразіно было 35,6 градуса цяпла).

У апошнія дні на тэрыторыю краіны пачало паступаць больш халоднае паветра, таму 15 чэрвеня новыя максымумы тэмпэратур былі зафіксаваныя толькі на поўдні Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей, а 16 чэрвеня — толькі ў Пінску — 32,6 градуса цяпла (было 31,7 у 2007 годзе). У асобных раёнах на паўночным захадзе дзённая тэмпэратура 16 чэрвеня не дасягнула і 20 градусаў (у Ашмянах было 19,3, у Лынтупах — 19,9). Прайшлі дажджы, месцамі моцныя: напрыклад, у Івацэвічах выпала ападкаў, 38% месячнай нормы ападкаў (28 мм), у Ганцавічах — 21 мм (24% месячнай нормы), Лідзе — 17 мм (22%), Менску −12 мм (13%).

Паводле прагнозу сыноптыкаў, 17 чэрвеня дзённыя максымумы не перавысяць 30 градусаў цяпла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG