Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У горадзенскім радзільным доме засілілася маладая маці


Скульптура маці і дзіцяці на тэрыторыі Горадзенскай радзільні
Скульптура маці і дзіцяці на тэрыторыі Горадзенскай радзільні

Ноччу 14 чэрвеня ў горадзенскім радзільным доме засілілася маладая парадзіха.

Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці 27-гадовай жанчыны. Высьвятляюцца абставіны здарэньня. Пасьля заканчэньня праверкі таму, што адбылося, дадуць прававую ацэнку, паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Сьледчага камітэту.

Жанчына павесілася ў сталоўцы свайго аддзяленьня на батарэі. Яе знайшла суседка па палаце каля трэцяй ночы. Яна ў гэты час супакойвала малую дачку загінулай. Калі маці доўга не вярталася ў палату, пайшла на ейныя пошукі.

«Мы ж усё чулі. Крыкі суседкі ноччу: "Памажыце, памажыце". Хоць ад нас стараліся па магчымасьці схаваць тое, што адбылося. Але як тут схаваеш?», — кажа адна з маладых маці, якая была ў гэты час у раддоме.

Суседку, якая знайшла цела, выпісалі раней за тэрмін, бо пасьля таго, што адбылося, ёй аказалася псыхалягічна складана знаходзіцца ў шпіталі даўжэй.

Парадзіхі з аддзяленьня кажуць, што нябожчыца была досыць закрытай, ні з кім у аддзяленьні асабліва не размаўляла.

«Прычын ніхто ня ведае», — кажуць жанчыны.

Паводле інфармацыі парталу Tut.by, жанчына нарадзіла здаровую дзяўчынку 6 чэрвеня. Блізкія нябожчыцы кажуць, што дачка была чаканай. Раней пара згубіла нованароджанае дзіця. Жанчына працавала бухгальтаркай у адной з горадзенскіх школаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG