Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступным госьцем «Інтэлектуальнага клюбу» Алексіевіч стане мультыплікатар, які падтрымаў анэксію Крыму


Сьвятлана Алексіевіч на паседжаньні клюбу 14 чэрвеня
Сьвятлана Алексіевіч на паседжаньні клюбу 14 чэрвеня

Наступным госьцем «Інтэлектуальнага клюбу» нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч стане расейскі мультыплікатар Юрый Нарштэйн. Пра гэта 13 чэрвеня пасьля заканчэньня сустрэчы з ІТ-бізнэсмэнам Віктарам Пракапеням паведаміла Свабодзе нобэлеўская ляўрэатка.

Паводле яе, наступным госьцем меўся быць амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр. Але ягоны прыезд прыйшлося перанесьці праз асабістыя праблемы.

77-гадовага Юрыя Нарштэйна называюць адным з найвялікшых мультыплікатараў сьвету.

Юрый Нарштэйн
Юрый Нарштэйн

​У 1984 годзе ягоную «Казку казак» (1979) прызналі «найлепшым анімацыйным фільмам усіх часоў і народаў» па выніках міжнароднага апытаньня, праведзенага Акадэміяй кінамастацтва і амэрыканскай філіяй Міжнароднай асацыяцыі анімаваных фільмаў.

У 2003 годзе іншы мультфільм Нарштэйна «Вожык у тумане» (1975) прызналі найлепшым фільмам за ўсю гісторыю мультыплікацыі ў міжнародным апытаньні кінакрытыкаў і рэжысэраў у Токіё.

Нарштэйн крытыкаваў расейскія улады па многіх пытаньнях. Пры гэтым ён падтрымаў далучэньне Крыма да Расеі.

«... я абсалютна і катэгарычна за тое, што Крым вярнуўся ў склад Расеі, хоць бы таму, што Крым быў перададзены нецьвярозым Хрушчовым без выкананьня элемэнтарных юрыдычных нормаў і раніцой крымчане прачнуліся ўкраінцамі», — сказаў ў 2016 годзе ў інтэрвію латвійскаму Delfi Юрый Нарштэйн.

«Інтэлектуальны клюб» — грамадзкая ініцыятыва нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Яна запрашае значных дзеячаў культуры і лідэраў грамадзкай думкі выступіць у Менску і паўдзельнічаць у дыскусіі. Раней удзельнікамі клюбу былі паэтка і тэоляг Вольга Седакова, пісьменьнікі Ўладзімір Сарокін, Людміла Ўліцкая, Рута Ванагайце, Віктар Марціновіч і Альгерд Бахарэвіч, рэжысэр Аляксандар Сакураў, палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, дакумэнталіст і фатограф Ян Арт’юс Бэртран ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG