Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля нападу на танкеры цана нафты падскочыла. ЗША: за нападам стаіць Іран.


Выступаючы ў чацьвер у Вашынгтоне, дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што ў адміністрацыі Злучаных Штатаў ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што за нападам на танкеры ў Аманскай затоцы стаіць іранскі бок.

Злучаныя Штаты ўжо ўзьнялі пытаньне пра напады на нафтавыя танкеры ў Аманскай затоцы падчас закрытага пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН у чацьвер, паведамляюць дыпляматы.

У чацьвер два нафтавых танкера пацярпелі ў выніку нападу ў Аманскай затоцы, у стратэгічна важным раёне непадалёк ад узьбярэжжа Ірану.

Паводле нарвэскіх уладаў, паступілі паведамленьні аб трох выбухах на нарвэскім танкеры Front Altair. Раней атака была зьдзейсьненая на сынгапурскае судна Kokuka Courageous.

Флёт ЗША аказвае дапамогу пацярпелым судам, ад якіх паступілі сыгналы бедзтва з розьніцай прыкладна ў адну гадзіну.

Іранскае дзяржаўнае інфармагенцтва IRNA паведамляе, што ВМС Ірану выратавалі 44 членаў экіпажаў танкераў і што абодва караблі былі ахопленыя полымем.

Аманская затока знаходзіцца непадалёк ад Армускага праліву — стратэгічнай воднай артэрыі, якая служыць важным маршрутам паставак сырой нафты.

Пасьля паведамленьняў аб нападах на танкеры сусьветныя цэны на нафту ўзьняліся на 4 адсотка, перавысіўшы адзнаку 62 даляры за барэль.

У мінулым месяцы ЗША заявілі, што Іран выкарыстаў міны супраць чатырох нафтавых танкераў ля берагоў ААЭ. Іран адмаўляе сваю датычнасьць да інцыдэнту.

Інцыдэнт адбыўся на фоне ўзмацненьня напружанасьці паміж Вашынгтонам і Тэгеранам з прычыны іранскай ядзернай праграмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG