Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнікальнае чарніла, «каруселі», укіды бюлетэняў. Як у Казахстане выбіралі прэзыдэнта. ВІДЭА


Падчас выбараў у Казакхстане, 9 чэрвеня 2019 году
Падчас выбараў у Казакхстане, 9 чэрвеня 2019 году

Незалежныя назіральнікі канстатуюць шматлікія парушэньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане.

Намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Казахстану агучыў папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, перадае Nur.kz. Касым-Жамарт Такаеў, прызначаны Нурсултанам Назарбаевым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, набраў 70,76% галасоў. За апазыцыянэра Аміржана Касанава налічылі 16,02%. Кандыдатка ад «канструктыўнай апазыцыі», першая ў гісторыі краіны жанчына-кандыдатка ў прэзыдэнты, набрала 5,2%. Іншыя кандыдаты мелі менш за 5%.

У Алмацінскай вобласьці асадкі ў выбарчых кабінках забясьпечылі стрыжнямі з чарнілам, якое зьнікае, перадае агенцтва kaztag.kz.

У распаўсюджаным відэа відаць, як адзін з выбарнікаў піша на аркушы асадкай, прывязанай да выбарчай кабінкі. Пасьля падпальвае запальнічку і падносіць да надпісу «Кайназар». Слова ў той жа момант зьнікае.

Таксама зафіксаваныя парушэньні, калі назіральнікі заўважылі выдачу двух бюлетэняў аднаму выбарніку. Маюцца зьвесткі пра «каруселі» ў Нур-Султане, зьвязаныя з галасаваньнем паводле дадатковых сьпісаў. Трапілі на відэа і факты масавых укідаў выбарчых бюлетэняў.

Акрамя таго, паведамлялася, што блізу 100 студэнтаў галасавалі на выбарчым участку ў Алматы без называньня адрасу пражываньня. Адно з найбольш пашыраных парушэньняў — адсутнасьць тайны галасаваньня.

Паступаюць шматлікія скаргі ад саміх назіральнікаў, якім супрацоўнікі выбарчых участкаў перашкаджаюць у працы.

У Нур-Султане і Алматы ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў адбываліся масавыя затрыманьні. Дзясяткі людзей, сярод іх старыя і жанчыны, затрыманыя падчас мітынгу на Старой плошчы ў колішняй сталіцы. Пры гэтым некаторыя казалі, што ішлі на выбарчыя ўчасткі і проста праходзілі побач, аднак паліцыю тлумачэньні не цікавілі.

У былой Астане, цяперашнім Нур-Султане, затрымлівалі ў раёне Палаца моладзі і на праспэкце Рэспублікі. Агулам у розных гарадах затрымалі больш за паўтысячы чалавек. Адзначалася, што на месцы падзей адсутнічаў мабільны інтэрнэт, зь перабоямі працавала сотавая сувязь.

Сярод затрыманых — журналісты Радыё Азатык Пётар Трацэнка і Санія Тойкен, а напярэдадні былі адхіленыя заяўкі сямі журналістаў РСЭ/ РС з Чэхіі, Расеі і Кіргізстану, накіраваных для асьвятленьня датэрміновых выбараў прэзыдэнта Казахстану.

Датэрміновыя выбары былі прызначаныя 9 красавіка дзейным прэзыдэнтам, кандыдатам ад партыі ўлады Касымам-Жамартам Такаевым, які імкнецца забясьпечыць сабе пяцігадовы прэзыдэнцкі тэрмін пасьля ўступленьня на пасаду ў выніку складаньня паўнамоцтваў Нурсултанам Назарбаевым, што захаваў у руках уплыў на рычагі ўлады ў краіне пасьля нязьменнага праўленьня на працягу амаль трох дзесяцігодзьдзяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG