Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў: У саюзнай дамовы няма задачы пасадзіць некага на «прэзыдэнцкі прастол»

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў лічыць нармальным адсутнасьць інфармацыі пра ход перамоў аб пашырэньні інтэграцыі ў межах так званай «саюзнай дзяржавы». І заяўляе, што Масква ня мае мэты пасадзіць некага на «прэзыдэнцкі трон».

«Усё адкрыта. Летась у сьнежні былі сустрэчы прэзыдэнтаў. Яны дамовіліся стварыць рабочую групу, якая разгледзіць саюзную дамову для таго, каб зразумець, якія палажэньні пасьля 20 гадоў маюць патрэбу ў дадатковай увазе. Пытаньне сур’ёзнае, яно тычыцца эканамічнай, фінансавай і падатковай сфэраў», — сказаў Лаўроў у інтэрвію РБК.

Паводле расейскага міністра, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка даручылі рабочай групе на ўзроўні віцэ-прэм’ераў разабрацца, як далей прасоўваць інтэграцыю. І, пакуль ідуць перамовы, перамоўнікам няма патрэбы кожны дзень выходзіць на публіку і расказваць, хто каму чаго прапанаваў.

На заўвагу аб тым, што адсутнасьць інфармацыі спараджае розныя чуткі — напрыклад, што ў 2024 годзе Пуцін узначаліць агульную дзяржаву, — кіраўнік МЗС Расеі заявіў, што ў саюзнай дамове няма нічога, што магло б падвесьці да спэкуляцый аб тым, каб «вывесьці некага на прэзыдэнцкі прастол».

21 сакавіка агенцтва Bloomberg паведаміла, што ў Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі разглядаюць розныя варыянты, якія дазволяць Уладзіміру Пуціну заставацца ва ўладзе як мага даўжэй. Адзін са сцэнароў прадугледжвае стварэньне новай дзяржавы шляхам аб’яднаньня зь Беларусьсю. У гэтым выпадку Пуцін яе ўзначаліць, што дазволіць яму абысьці канстытуцыйныя абмежаваньні колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы публікацыю Bloomberg, назваў яе вольнымі практыкаваньнямі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да таго, што абмяркоўваецца ў Крамлі.

Тэму больш шчыльнай інтэграцыі ініцыяваў у канцы 2018 году расейскі бок. Гэта адбывалася на фоне нявырашанай спрэчкі аб кампэнсацыі Беларусі наступстваў ад правядзеньня ў Расеі падатковага манэўру. Менск налічыў каля 15 млрд даляраў стратаў і разьлічвае на іх пакрыцьцё. Крэмль ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

XS
SM
MD
LG