Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску аднавіліся перамовы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе


Леанід Кучма
Леанід Кучма

Упершыню за паўтара месяца ў Менску прайшло паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Як заявіў кіраўнік украінскай дэлегацыі Леанід Кучма, усе паседжаньні працоўных груп прайшлі ў канструктыўным накірунку і ўдзельнікі не паведамлялі пра прынцыповыя разыходжаньні. Паводле яго, усе бакі хацелі знайсьці рашэньне.

«Тон дыскусіі быў зусім іншы, чым раней», – сказаў Кучма.

Бакі дамовіліся да 19 чэрвеня расьпісаць мэханізмы, паводле якіх пад абстрэлы б не траплялі грамадзкія абʼекты. На наступным паседжаньні іх мусяць зацьвердзіць.

3 чэрвеня Ўладзімір Зяленскі заявіў, што другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма зноў будзе прадстаўляць Кіеў у трохбаковай кантактнай групе.

Замірэньні, пра якія дамаўляліся на сустрэчах трохбаковай кантактнай групы ў Менску, парушаліся амаль адразу. Апошнім часам нават такіх дамоўленасьцяў дасягаць не ўдавалася альбо расейскія гібрыдныя сілы заяўлялі, што адмяняюць іх у аднабаковым парадку. Пры гэтым бакі адмаўляюць віну ў парушэньнях і абвінавачваюць праціўнікаў у правакацыях.

Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году пасьля расейскай акупацыі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў збройнай падтрымцы баевікоў. Крэмль адхіляе гэтыя абвінавачаньні і заяўляе, што ў Данбасе могуць быць расейскія «добраахвотнікі».

Паводле дадзеных ААН, па стане на канец сьнежня 2018 году падчас канфлікту з усіх бакоў было забіта каля 13 тысяч чалавек, амаль 30 тысяч былі параненыя.

Трохбаковай кантактнай групай зьяўляецца ўпаўнаважаная група прадстаўнікоў Украіны, АБСЭ і Расеі для мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG