Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце стане першым вялікім горадам Беларусі, дзе рэалізуюць швэдзкую мадэль устойлівага разьвіцьця


Берасьцейскі чыгуначны вакзал

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя шукае інвэстараў да рэалізацыі праекту SymbioCity ў Берасьці, паведаміла 3 чэрвеня журналістам супрацоўніца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Кацярына Кузьняцова.

Праект стартаваў у верасьні 2018 году.

«Цяпер актыўна займаемся пошукам дадатковага фінансаваньня. Хацелася б паказаць прыклад таго, як канцэпцыю „разумнага“ зялёнага гораду можна рэалізоўваць у мэгаполісе», — адзначыла Кацярына Кузняцова.

Яна дадала, што падобныя праекты ўжо пасьпяхова ажыцьцяўляюцца ў Наваградку, Полацку і Наваполацку. Але гэтыя гарады сярэдняга памеру. А хочацца, каб перамены прыйшлі і ў буйныя гарады.

SymbioCity — гэта швэдзкая мадэль ўстойлівага гарадзкога разьвіцьця, якая з 2008 году існуе як «экспартны тавар», як праграма, скарыстацца якой могуць усе ахвотныя ў любой краіне. Мяняюцца акцэнты, нюансы, але застаецца нязьменным галоўны падыход — разглядаць праблемы ў комплексе, шукаць рашэньні, якія даюць выйгрыш адразу ў некалькіх кірунках.

У Берасьці і бліжэйшых да гораду раёнах хочуць:

  • зрабіць усю ваду чыстай,
  • стварыць такую сыстэму руху грамадзкага і асабістага аўтатранспарту, каб мінімізаваць выкіды ў тых раёнах, дзе сканцэнтравана найбольшая колькасьць машын,
  • закласьці дадатковыя паркі і вялікую сыстэму веладарожак.

ПРААН дапаможа беларускім кіроўцам асвоіць электрамабілі

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і ПРААН (Праграма разьвіцьця ААН) абмяркоўваюць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Экспэрты ацэняць, наколькі пашырэньне сеткі зарадных станцый для аўтамабіляў уплывае на павелічэньне электратранспарту ў гарадах Беларусі. Першыя вынікі разьлічваюць атрымаць праз год-паўтара.

«Пытаньне патрабуе сурʼёзных навуковых разьлікаў. І мы цяпер займаемся падрыхтоўкай да гэтага», — адзначыла Кацярына Кузьняцова.

У 2018 годзе «Беларуснафта» ўвяла 65 зарадных станцый, у тым ліку 30 — хуткай зарадкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG