Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў новага прэзыдэнта Латвіі з выбраньнем


Эгілс Левітс
Эгілс Левітс

Аляксандар Лукашэнка 30 траўня павіншаваў Эгілса Левітса з выбраньнем на пасаду прэзыдэнта Латвіі, піша БелТА.

Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што далейшае разьвіцьцё беларуска-латвійскіх адносінаў будзе спрыяць умацаваньню даверу і ўзаемаразуменьня, а таксама бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе.

Саэйма Латвіі 29 траўня абрала новага прэзыдэнта дзяржавы — ім стаў 63-гадовы судзьдзя Эўрапейскага суду Эгілс Левітс. За яго прагаласаваў 61 дэпутат, за бліжэйшага канкурэнта — 24 чалавекі.

Левітс нарадзіўся ў Рызе ў 1955 годзе. У 17-гадовым узросьце разам зь сям’ёй эміграваў у Нямеччыну. Там ён атрымаў дзьве вышэйшыя адукацыі — палітоляга і юрыста.

Калі Латвія пачала працэс выхаду з СССР, Левітс актыўна падтрымаў рух за незалежнасьць. Ён быў дэпутатам Саэймы, міністрам юстыцыі і віцэ-прэм’ерам, працаваў амбасадарам у Аўстрыі, Швайцарыі і Вугоршчыне.

Акрамя пераможцы, у выбарах удзельнічалі яшчэ два прэтэндэнты — дэпутат парлямэнту Дыдзіс Шмітс і амбудсмэн Юрыс Янсанс.

Такім чынам, сьледам за Ўкраінай і Літвой яшчэ адна краіна, якая мае супольную дзяржаўную мяжу з Беларусьсю, зьмяніла свайго прэзыдэнта.

Лукашэнка да Рыгі не даехаў

Аляксандар Лукашэнка атрымаў афіцыйнае запрашэньне наведаць Латвію яшчэ за папярэдняга прэзыдэнта. Меркавалася, што візыт адбудзецца сёлета ў траўні. І латвійскі, і беларускі бакі пацьвердзілі, што візыт рыхтуецца.

Аднак, як лічаць многія экспэрты, цяпер паездка Лукашэнкі ў Латвію будзе адкладзеная на няпэўны тэрмін. Прычына — патрэба ўзгадніць парадак дня візыту і вызначэньне дакумэнтаў, якія падпішуць бакі. У новых латвійскіх уладаў могуць узьнікнуць і новыя погляды на пэўныя аспэкты двухбаковых дачыненьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG