Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каля елачак была гара целаў». Відавочца цісканіны на Нямізе пра кашмар 20-гадовай даўнасьці


Ганна, відавочца трагедыі на Нямізе
Ганна, відавочца трагедыі на Нямізе

20 гадоў таму, 30 траўня 1999 году, Ганна з кампаніяй аднакляснікаў вырашыла пайсьці на сьвята піва на Нямізе. Тады ёй было 17, яна заканчвала школу. У той вечар здарылася адна з самых страшных трагедый у гісторыі сувэрэннай Беларусі. Свабода пагаварыла зь відавочцай цісканіны ў мэтро, падчас якой загінулі 53 чалавекі.

​«Такіх маштабных падзей у той час не было, — успамінае Ганна, якой сёньня 37. — Таму для нас усё было ў навінку. Людзі пілі шмат алькаголю. Весяліліся. У асноўным на сьвята прыйшла моладзь і людзі сярэдняга ўзросту, многія прыходзілі зь дзецьмі».

Станцыя метро Няміга
Станцыя метро Няміга

30 траўня 1999 году радыё «Мір» вырашыла адзначыць сваё двухгодзьдзе сьвятам з канцэртам і розыгрышам прызоў. Дзесяць накрывак ад цыгарэт бясплатна мянялі на паўлітра піва. Папулярны тады расейскі гурт «Манга-Манга» адыграў дзьве песьні перад шматтысячным натоўпам. У 20.25 пачаўся моцны дождж.

Месца, дзе прыходзіў сьвяточны канцэрт
Месца, дзе прыходзіў сьвяточны канцэрт

«Рэзка сьцямнела, пасыпаўся град, — кажа Ганна. — Я была ў тонкай кашулі. Градзіны памерам зь перапёлчына яйка балюча білі па целе. Паблізу не было хованак і тэнтаў. Хоць было цёпла, але людзі ўсё роўна шукалі, дзе схавацца. Хто пасьпеў, схаваўся пад мостам каля Сьвіслачы. Але месца там было няшмат».

​Ганна зь сябрамі спачатку пабеглі пад мост, а потым вырашылі ісьці ў мэтро і ехаць па хатах. Ужо ля мэтро Юры, сябар Ганны, сказаў: «Стойце, там жа натоўп! Нас раздушаць!»

Ля ўваходу ў мэтро пабачылі, як праз натоўп перадаюць людзей. «Убачыла маладога хлопца, зусім сіняга. Ён задыхаўся. Я тады яшчэ падумала: «Кашмар! Гэта як трэба сьціснуць чалавека, каб ён ня мог удыхнуць?», — прыгадвае Ганна.

Толькі потым дзяўчына даведалася, што загінулі 53 чалавекі і больш за сотню пацярпелі.

Дактары аказваюць дапамогу пацярпелым на месцы трагедыі, 30 траўня 1999
Дактары аказваюць дапамогу пацярпелым на месцы трагедыі, 30 траўня 1999

«Тады здавалася, што гэта бясконцая плынь. Выносілі не адну сотню людзей. Ажыве ці не ажыве, было зусім не відавочна».

Пацярпелых перадавалі зьверху. Уніз не спускаліся. Тых, хто падаваў прыкметы жыцьця, ля самага выхаду бралі за рукі і ногі і ў такіх позах несьлі ў машыны «хуткіх».

«У мяне спрацаваў нейкі ахоўны мэханізм, — кажа дзяўчына. — Я глядзела на ўсё, нібы гэта адбываецца не са мной, а ў кіно. Эмоцый амаль не было. Памятаю, як дапамагалі адной пацярпелай жанчыне дабрацца да “хуткай”. Тая ўсё пыталася, дзе яе сын. І вось прайшло 20 гадоў, а гэта «Дзе мой сын? Дзе мой Женечка?» моцна ўрэзалася ў памяць».

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Ахвяры цісканіны на месцы трагедыі, 30 траўня 1999
Ахвяры цісканіны на месцы трагедыі, 30 траўня 1999

Машыны хуткай дапамогі запаўняліся імгненна. Прыяжджалі па дзьве-тры, і каля іх выстройваліся чэргі, кажа відавочца.

«Раптам у натоўпе сказалі: «Ня трэба несьці ў “хуткую” тых, хто ўжо зусім ня дыхае, каб не займаць месца і ратаваць жывых». Целы загінулых клалі каля елачак. Там была цэлая гара», — успамінае Ганна.

Дзьверы мэтро падчас цісканіны былі зачыненыя. Людзі прасілі іх упусьціць, але работнікі мэтрапалітэну вырашылі, што людзі будуць скакаць праз турнікеты і падаць на рэйкі. Таму яны задыхаліся.

Усе рэагавалі па-рознаму: страта кантролю, шок, не маглі нічога гаварыць, кагосьці трэсла.

​Сяброўка Ганны не дапамагала санітарам: ад убачанага яе ванітавала. «Глядзі, гэта чыйсьці красовак. Дзе ягоны гаспадар?», — перапытвала яна, і яе адразу выварочвала.

«Гэта быў не натоўп. Гэта быў статак, — кажа Ганна. — З гэтай трагедыі варта зрабіць простую выснову: не паддавацца натоўпу. Але, напэўна, у жыцьці так гэта не працуе».

Сваякі пацярпелых у цісканіне ля стыхійнага мэмарыялу на месцы трагедыі, 31 траўня 1999
Сваякі пацярпелых у цісканіне ля стыхійнага мэмарыялу на месцы трагедыі, 31 траўня 1999

Пасьля трагедыі ў Ганны зьявілася боязь натоўпаў людзей. «Цяпер я ведаю, на што здольны натоўп, — кажа яна. — Таму на вялікіх канцэртах адыходжу ўбок, асабліва калі бракуе паветра. Трагедыя на Нямізе — гэта яшчэ і павучальная гісторыя. Натоўп — гэта тое, дзе ўжо ніхто нічога не можа зрабіць, нават калі б сам гэтага вельмі хацеў».

Помнік памяці ахвярам трагедыі на Нямізе
Помнік памяці ахвярам трагедыі на Нямізе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG