Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзецям з былога СССР лепш за ўсё жывецца ў Прыбалтыцы і Беларусі. Але да «добра» далёка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Фонд Save the Children назваў Беларусь, а таксама Літву, Латвію і Эстонію лепшымі краінамі для жыцьця дзяцей. Save the Children — дабрачынная арганізацыя, якая існуе ўжо амаль 100 гадоў і шчыльна працуе з ААН, дапамагаючы дзецям у розных краінах.

У цэлым аўтары дасьледаваньня лічаць, што цягам апошніх дваццаці гадоў становішча дзяцей у сьвеце рэзка палепшылася. Сёньня ў сьвеце паміраюць, не дажыўшы да пяці гадоў, удвая менш дзяцей, чым у канцы XX стагодзьдзя. Таксама за гэты час на 20% скарацілася колькасьць забойстваў дзяцей, 49 мільёнаў дзяцей больш ня вымушаныя працаваць, а на 115 млн дзяцей больш вучацца ў школах.

Таксама за гэты час на 11 млн скарацілася колькасьць непаўналетніх дзяўчынак, якіх гвалтоўна выдалі замуж. Але калі браць сытуацыю ў сьвеце ў цэлым, то па-ранейшаму кожнае чацьвёртае дзіця пазбаўленае нармальнага дзяцінства і ўмоваў для разьвіцьця, падкрэсьліваецца ў дакладзе.

Аўтары дакладу адзначаюць дасягненьні некалькіх краінаў былога СССР, якія зрабілі ў апошнія гады намаганьні дзеля таго, каб зрабіць жыцьцё дзяцей больш шчасьлівым.

  • Узбэкістан рэзка падняўся ў рэйтынгу пасьля таго, як змог скараціць колькасьць дзяцей, занятых на ўборцы бавоўны і іншых працах (з 29% усіх дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 14 гадоў да 2%).
  • Кыргызстан зрабіў вялікую працу па барацьбе зь недахопам вагі ў дзяцей, у першую чаргу ў дзяцей зь сем’яў у цяжкай фінансавай сытуацыі,
  • Украіна змагла рэзка зьнізіць паказьнікі дзіцячай сьмяротнасьці ў шпіталях,
  • Таджыкістан таксама правёў барацьбу зь недаяданьнем у дзяцей і палепшыў статыстыку дзіцячай сьмяротнасьці,
  • Грузія, Малдова, Беларусь і Азэрбайджан змаглі больш як на 60% скараціць колькасьць дзяцей, вымушаных працаваць.

У цэлым, паводле рэйтынгу, дзецям у былым СССР лепш за ўсё жывецца ў Беларусі і прыбалтыйскіх краінах. Але пры гэтым толькі Літва змагла патрапіць у першую дваццатку краін, дзе дзецям жывецца добра.

Першае месца ў рэйтынгу, паводле падлікаў Save the Children, заняў Сынгапур, потым ідуць Швэцыя, Фінляндыя і Нарвэгія, а таксама Славенія, а затым эўрапейскія краіны плюс Аўстралія, Ізраіль, Паўднёвая Карэя і Японія.

Эстонія і Латвія падзялілі 27-28-е месцы ў рэйтынгу, Беларусь апынулася на 34-м месцы, прыкладна на ўзроўні Бахрэйна і Кувэйта, Расея на 38-м, Казахстан на 40-м, Украіна — на 42-м, на ўзроўні Туніса або ААЭ.

Украіну аўтары дасьледаваньня хваляць за зьніжэньне колькасьці раньніх шлюбаў сярод дзяўчынак, а таксама за зьніжэньне ўзроўню дзіцячай сьмяротнасьці. Кажучы пра Расею, яны адзначаюць, што краіна, гэтаксама як ЗША і Кітай, мае гіганцкія магчымасьці ў эканамічнай, вайсковай і тэхналягічнай галінах. Але пры гэтым значна горш раскрывае патэнцыял дзяцей, якія жывуць у ёй, чым гэта робяць краіны Заходняй Эўропы.

Цяжкім становішча дзяцей у краінах былога СССР працягвае заставацца ў Азэрбайджане, Таджыкістане і Кыргызстане: яны занялі 89-е, 90-е і 94-е месца ў рэйтынгу з 176 краін. Гэта прыкладна ўзровень Віетнама або Ямайкі ў тым, што тычыцца абароны правоў дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG