Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачы выбралі «Кнігі году». «Ноч» Марціновіча на другім месцы


Ілюстрацыйнае фота

На сайце kniha.of.by апублікаваныя вынікі чытацкага галасаваньня за «Кнігу году». Чытацкі рэйтынг мае сымбалічнае значэньне. Вынікі галасаваньня не ўплываюць на афіцыйную прэмію і не залежаць ад яе.

На першым месцы Яўген Зубовіч з кнігай «Беларускі палкоўнік». За яе аддалі галасы 176 чалавек або 28% удзельнікаў галасаваньня.

«Гістарычны раман раскрывае драматычную панараму падзеяў сярэдзіны XVII ст. на ўсходзе Беларусі. Малады магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі, былы ротмістар войска Вялікага Княства Літоўскага, атрымлівае ліст з Запароскай сечы, які зьмяняе ўсё яго жыцьцё. Гэта кніга пра вернасьць і здраду, любоў да Бога, каханьне да дзяўчыны і складаныя жыцьцёвыя выклікі з якімі сутыкаюцца героі твора. У рамане прадстаўлены постаці вялікага літоўскага гетмана Януша Радзівіла, маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, украінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага і іншых гістарычных асобаў», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

На другім месцы раман «Ноч» Віктара Марціновіча — 15,7%. Трэцяе месца заняў архіўны раман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» — 11,5%.

У мінулыя гады, паводле вэрсіі чытачоў, кнігамі году станавіліся «Радзіва Прудок» Андруся Горвата і «Беларусалім» Паўла Севярынца.

Пераможцам галасаваньня пісьменьніцкага журы стала сёлета кніга Марыі Мартысевіч «Сарматыя».

​Афіцыйная прэмія «Кніга году» заснаваная ПЭН-цэнтрам і прысуджаецца адной найлепшай кнізе, выдадзенай у папярэднім годзе. У склад вялікага журы мае права ўваходзіць любы беларускі пісьменьнік і перакладчык. Сёлета гэта 103 літаратары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG