Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ўкраінцаў маюць беларускія прозьвішчы і якія зь іх найбольш распаўсюджаныя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне прозьвішчы, якія маюць беларускае паходжаньне, ёсьць аднымі з найбольш распаўсюджаных. Аб гэтым сьведчыць адмысловая мапа, створаная на аснове архіўных дакумэнтаў.

Паводле дасьледчыкаў, найчасьцей ва Ўкраіне прозьвішчы гістарычна фармаваліся пад уплывам імені бацькі, месца жыхарства або паходжаньня. Таксама шмат прозьвішчаў, паходжаньне якіх выходзіць з назваў жывёл, расьлін, прафэсіі і прадметаў побыту.

Адмыслоўцы тлумачаць істотную прысутнасьць беларускіх прозьвішчаў на мапе Ўкраіны супольнай гісторыяй — найбольшая колькасьць іх уладальнікаў жыве ў тых рэгіёнах, якія раней уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і памежных з сучаснай Беларусьсю.

Прозьвішча «Літвіненка» ва Ўкраіне маюць 27 672 грамадзян, а ў рэйтынгу па распаўсюджанасьці яно займае 46 месца, «Літвін» — 19 010 украінцаў (111 месца). Таксама распаўсюджанымі ва Ўкраіне ёсьць прозьвішчы «Літвінаў», «Літвінчук», «Літвінюк». Найбольш уладальнікаў гэтых прозьвішчаў пражываюць у Кіеве, Дняпры, Харкаве, Львове, Жытоміры, Віньніцы і Луцку.


Сярод найбольш вядомых ва Ўкраіне ўладальнікаў такога беларускага прозьвішча ёсьць Уладзімір Літвін — ён у 1999-2002 гадах ачольваў Адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы і двойчы старшынстваваў у Вярхоўнай Радзе — у 2002-2006 гадах і ў 2008-2012-ым. Ягоны брат Мікола трывалы час ачольваў Дзяржаўную памежную службу Ўкраіны.

Прозьвішча «Біларус» займае 9833-е месца па распаўсюджанасьці і налічвае 506 ягоных носьбітаў. Сустракаюцца таксама ўтвораныя яд яго іншыя варыянты — «Біларускі», «Біларусаў», «Біларусец», «Біларусевіч», «Біларусцаў» і «Біларусаў». Найбольш кампактна «Біларусы» пражываюць у Кіеве, Жытоміры, Львове і Старым Таражы (Цярнопальская вобласьць).

Найбольш вядомы ўладальнік гэтага прозьвішча — Алег Біларус, народны дэпутат у мінулым, адным зь першых пасьля абвяшчэньня ў 1991-ым Незалежнасьці Ўкраіны працаваў амбасадарам Украіны ў ЗША. Цяпер працуе ў Інстытуце эканомікі і прагназаваньня НАН Украіны.

Паводле дадзеных 2001 году, калі апошні раз праводзіўся перапіс насельніцтва, ва Ўкраіне пражывае 275,8 тысячы беларусаў, зь іх 17,5% назвалі роднай украінскую мову, 19,8% — беларускую і 62,5% — расейскую.


Беларусы — трэцяя па колькасьці нацыянальная група ва Ўкраіне, пасьля ўкраінцаў (37,5 мільёна) і расейцаў (8,3 мільёна). Далей ідуць малдаване (258,6 тысячы), крымскія татары (248,2 тысячы), баўгары (204,6 тысячы), вугорцы (156,6 тысяч), румыны (151 тысяча) і палякі (144,1 тысячы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG