Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі будуць судзіць раённага начальніка крымінальнага вышуку зь сям’ёй


Дзьмітрый Яўстраценка ў судзе
Дзьмітрый Яўстраценка ў судзе

17 траўня ў Гомлі меўся пачацца суд над былым начальнікам крымінальнай міліцыі Чачэрскага РАУС Дзьмітрыем Яўстраценкам. Разам з ім пра справе як абвінавачаныя праходзяць ягоная сястра, грамадзянская жонка і яшчэ два чалавекі. Былы міліцыянэр абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў — замах на хабарніцтва, махлярства, падробка дакумэнтаў.

Разгляд справы быў прызначаны ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля на 17 траўня. Але адна з абвінавачаных не зьявілася на суд. Паседжаньне перанесена на 23 траўня.

Маці аднаго з абвінавачаных — палявода з вёскі Роўкавічы — распавяла пра акалічнасьці справы.

Паводле вяскоўкі, яе сын і яго грамадзянская жонка часам траплялі ў поле зроку міліцыі праз парушэньні заканадаўства, у тым ліку — за злоўжываньне алькаголем.

«У начальніка крымінальнай міліцыі быў на прыкмеце самотны пэнсіянэр, які меў вялікія грошы на рахунку. Міліцыянэр прапанаваў сыну і яго сужыцельцы аформіць апякунства над састарэлым і такім чынам атрымаць яго грошы ў банку. Сын з сужыцелькай згадзіліся, бо міліцыянэр пагражаў забраць іх дзіця ў прытулак, калі тыя адмовяцца ад прапановы. У афармленьні папер на апякунства дапамаглі грамадзянская жонка міліцыянэра і яго сястра — адна працавала ў райвыканкаме, другая — юрысткай у лякарні», — пракамэнтавала жанчына.

Апякунства так і не аформілі, але грошы з рахунку палявода нібыта здымалі па загадзе начальніка крымінальнага вышуку Яўстраценкі.

«Яны зьнялі, на старыя грошы, недзе 50 мільёнаў. Бо дзядуля той меў добрыя сродкі на рахунку. Усе грошы аддалі начальніку крымінальнага вышуку — сабе яны нічога не займелі. Апроч крымінальнай справы», — распавяла маці аднаго з абвінавачаных.

Пры якіх абставінах быў затрыманы начальнік крымінальнага вышуку і яго родныя — пакуль не вядома.

«А дзядуля той, з грашамі, ужо памёр. Яго забралі ў дом састарэлых, і ўсё», — дадала вяскоўка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG